У Мінску, у Інстытуце правазнаўства (Караля, 3) праходзіць канферэнцыя «Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу».

Канферэнцыя арганізавана пры ўдзеле Беларускага інстытута правазнаўства і Інстытута Польскага ў Мінску.

У ёй бяруць удзел даследчыкі з сямі краін — Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы, Германіі і Вялікабрытаніі. Адкрываючы канферэнцыю, старшыня савета Інстытута правазнаўства Сцяпан Сокал адзначыў, што «для нас каштоўна тое, што досвед мінулых гадоў мы можам скарыстаць у вывучэнні сённяшняй сітуацыі. Тэрміны інкарпарацыя і інтэграцыя і сёння актуальныя для нас. Гэта сучасная праблематыка».

Паводле словаў іншага суарганізатара — кіраўніка Інстытута польскага ў Мінску Пятра Казакевіча — Беларусь паступова становіцца адным з цэнтраў вывучэння гісторыі Цэнтральнай Еўропы.

«Я некалі сказаў, што Мінск павінен стаць цэнтрам даследаванняў ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Сёння мы бачым, што гэтая ідэя набліжаецца да рэалізацыі», — адзначыў спадар Казакевіч.

Акрамя вядомых даследчыкаў з краін, што знаходзяцца на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а таксама Расіі, Вялікабрытаніі і Германіі, у канферэнцыі возьме ўдзел пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі — доктар Генрык Літвін.

Пасол адзначыў ва ўступным слове, што «хацеў бы ўдзельнічаць у канферэнцыі больш навукова, чым афіцыйна. Хочацца вярнуцца на некалькі дзён да занятку, які лічу вельмі важным у сваім жыцці». Доктар Генрык Літвін выступіць з дакладам на тэму «Кіеўшчына, Валынь і Брацлаўшчына ў 1569 г.: паміж інкарпарацыяй і уніяй».

Канферэнцыя «Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу» скончыцца ў пятніцу 16 кастрычніка. На суботу для ўдзельнікаў запланавана экскурсійная праграма Крэва — Баруны — Гальшаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?