16 кастрычніка ў Польшчы адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Яна Паўла ІІ.

Рашэнне аб з’яўленні такога свята было прынята польскім Сеймам праз некалькі месяцаў пасля смерці Яна Паўла ў красавіку 2005 года. У пастанове Сейма гаварылася, што свята ўстанаўліваецца «у гонар найбольшага аўтарытэта ХХ ст., чалавека, які, звяртаючыся да крыніц хрысціянства, вучыў нас салідарнасці, адвазе і пакоры». З 343 паслоў Сейма толькі тры чалавекі прагаласавалі супраць прыняцця пастановы.

16 кастрычніка 1978 года арцыбіскуп кракаўскі Ян Караль Вайтыла стаў папам Янам Паўлам ІІ. Негледзячы на аграмадную папулярнасць асобы Яна Паўла ІІ у Польшчы, гэтае дзяржаўнае свята не з’яўляецца выходным днём.

Дні ўспаміну Яна Паўла ІІ пройдуць у мінскім Чырвоным касцёле.

16 кастрычніка пасля святой эўхарыстыі (пачатак а 19.00) адбудзецца канцэрт і вечар паэзіі, прысвечаны Яну Паўлу ІІ.

17 кастрычніка пасля святой літургіі (пачатак а 20.30) запланаваны дабрачынны канцэрт «Чыстае сэрца», падчас якога выступяць Аляксандр Патліс (Беларусь), Дэні Плэт (Германія) і саліст беларускай оперы Ілья Сільчукоў. Пасля канцэрта на выхадзе са святыні можна будзе скласці ахвяраванні, якія плануецца выкарыстаць на дабрачынныя справы.

Нядзельная святая імша 19 кастрычніка (пачатак у 13.00) стане завяршэннем дзён успаміну Яна Паўла ІІ.

АП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0