Вось кроцік крочыць цераз поле.

Нясе ён скрыпачку паболей.

Зусім ня так яе трымае –

Чамусьці седзячы іграе.

І ўсе зьдзіўляюцца пад ліпкай:

«Нібыта скрыпка, ды ня скрыпка».

На чым, дазнацца б мы хацелі,

Ён грае? На...

(віялянчэлі)

Прыйшоў пад ліпку сьлімачок

І з торбы выцягнуў смычок.

А потым інструмэнт узяў

І на плячо яго паклаў.

Зайграў. І цэлы дзень пад ліпкай

Пяшчотна ўсім сьпявала...

(скрыпка)

А сьледам цягнецца індык.

Ўжо не смычок нясе, а смык.

Сяброў склікае на падмогу –

Паставіць скрыпку на падлогу:

І зноўку дзівяцца пад ліпкай:

«Нібыта скрыпка, ды ня скрыпка!»

А справа ў тым, што ў гэты раз

Гучаў пад ліпкай...

(кантрабас)

Тут кузурка прыбягала

І па клявішах скакала –

І па белых, і па чорных

Разам з чапляй і варонай.

Па чарзе сыгралі гаму,

Вальс і полечку таксама.

Здагадацца не складана.

Гралі ўсе на....

(фартэпіяна)

Малюнкі Сяргея Харэўскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?