600 гадоў запаведнасці самага знакамітага беларускага лесу.

У свядомасці беларусаў Белавежа атаясамліваецца з веліччу. І нават новаўвядзенні, кшталту рэзідэнцыі Дзеда Мароза, не псуюць уяўленне аб старажытнай і слаўнай пушчы.

Пушчы ваколіц Гродна, Бельская, Камянецкая і Ваўкавыская некалі ўтваралі велізарны масіў. Сюды ў Сярэднявеччы ўцякалі ад вайсковай навалы і ад прыгону, тут абжываліся перасяленцы з іншых земляў. У гушчарах хаваліся апошнія яцвягі.

Людзі высякалі лес, адзіная пушча дзялілася.

Ад XIV ст. яе частка стала асобнай, Белавежскай пушчай.

Ад часу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага пушча ўваходзіць у яго склад як сапраўднае багацце. Тут нарыхтоўвалася сушанае мяса для выправы шматтысячнага войска на Грунвальд, ладзіліся ўрачыстыя паляванні вялікіх князёў. Адзін з іх, Ягайла, у 1409 г. надаў пушчы недатыкальны статус, забараніўшы там любыя паляванні. Натуральна, апроч вялікакняскіх.

Пасля Люблінскай уніі Польшча далучае Белавежу да сваёй тэрыторыі. Вільня траціць Падляшша назаўсёды.

Пад уладай Кароны

Польскія каралі з ахвотай палявалі ў Белавежы. Мясцовым жыхарам забаранялася вольна карыстацца ляснымі багаццямі — была ўведзеная сістэма дазволаў, якія выдавалі спецыяльныя службы. Каралеўскія паляванні часам насілі вымушаны характар. Так, у 1426 годзе Ягайла з маладой жонкай Соф’яй хаваўся ў Белавежы ад пошасці, якая апанавала каралеўства.

У пазнейшыя часы паляваць у пушчы любілі Сцяпан Батура, Ян Казімір, Аўгуст ІІІ. Апошні праславіўся размахам. Захавалася сведчанне каралеўскай забавы: «Найяснейшы Аўгуст ІІІ кароль польскі паляваў тут разам з жонкай і сынам на зуброў і забіў іх 42, з якіх 11 вялікіх і 7 меншых, а таксама 18 зубрыц, а таксама 13 ласёў».

У часы Панятоўскага адміністратарам пушчы быў мадэрнізатар Антоній Тызенгаўз. Ён актыўна ўзяўся за інфраструктуру: абнавіў каралеўскія сядзібы і збудаваў канал, што злучыў рэкі Нарву і Нараўку… Аднак традыцыя каралеўскіх паляванняў знікла разам з Рэччу Паспалітай.

У імператарскіх руках

Пасля падзелаў дзяржавы пушчай ніхто не апекаваўся. Векавыя багацці рабаваліся першымі‑лепшымі гаспадарамі, якіх за грошы прызначала царыца Кацярына ІІ і яе сын Павел І. Толькі ў 1820 годзе імператар Аляксандр ІІ забараніў паляваць на зуброў і высякаць пушчу. Пра гэта пашкадаваў яго наступнік: у 1830‑м жыхары пушчанскіх вёсак далучыліся да паўстання. Тая ж гісторыя паўтарылася ў 1863‑м. У Белавежы базаваліся атрады Урублеўскага і, магчыма, знаходзілася друкарня «Мужыцкай праўды».

Традыцыя маштабных паляванняў адрадзілася ў пушчы ў часы Аляксандра ІІІ. Пушча набывае статус Імператарскага лесу. Сюды нават будуюць чыгунку, каб было зручней дабірацца з Пецярбурга. З Сібіры, Каўказа прывозілі сюды розныя пароды жывёл. Пушча зажыла абноўленым жыццём, поў¬ным шумных забаваў.

Апошняе імператарскае паляванне адбылося ў пушчы ў 1912‑м.

Немцы, палякі, саветы… Беларусы

Ад 1914 года пачынаецца самы драматычны час ў гісторыі Белавежы. Немцы, акупаваўшы палову Беларусі, пачалі вывозіць з пушчы яе багацце.Было высечана 5 з 32 мільёнаў кубаметраў драўніны. Потым былі некалькі гадоў анархіі, калі кожны рабіў у пушчы, што хацеў. У выніку апошні мясцовы зубр быў забіты ў 1919 годзе. У 1920 г. пушча перайшла ў рукі Польшчы. Зуброў наноў завезлі ў 1929 годзе.

Пасля Другой сусветнай вайны пушчу ўпершыню падзялілі між дзвюма дзяржавамі. У савецкай Беларусі яна была дзяржаўным запаведнікам, і партыйныя босы часцяком сюды наведваліся. Знакамітыя на ўвесь свет Віскулі, пабудаваныя ў 1950‑я гады, якраз былі ціхай пушчанскай рэзідэнцыяй, дзе можна было адпачыць ад унутрыпартыйных войнаў. У гэтых самых Віскулях і скончыў сваё існаванне 8 снежня 1991 года Савецкі Саюз.

У незалежнай Беларусі пушча набыла статус нацыянальнага парку, а ад 1992 г. старажытны лес уключаецца ў спіс Сусветнай Культурнай Спадчыны ЮНЭСКА.

Пачатак новага тысячагоддзя прыносіць мноства праблем. Злыя языкі пагаворваюць аб пазбаўленні міжнароднага статуса праз сістэматычную высечку лесу.

600 гадоў — тэрмін вялікі. Нават для Белавежскай пушчы. Добра ўжо тое, што яна яго перажыла. Будзем спадзявацца, што самыя непрыемныя часы ў яе гісторыі мінулі і Белавежу чакае росквіт. З народзінамі, Пушча!

Алесь Пілецкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0