А мясцовыя, у красавіку 2010-га, стануць для іх тэстам. Пра свой намер удзельнічаць у мясцовых выбарах імгненна заявіў Рух «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Выбары прэзідэнта рэспублікі Беларусь пройдуць у пачатку 2011 году, а ў мясцовыя саветы дэпутатаў — у красавіку 2010. Такія тэрміны былі вызначаныя 20 кастрычніка падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Гэтыя выбарчыя кампаніі павінны прайсці асобна, нават нягледзячы на эканамічную нявыгаду. Матывацыя з вуснаў Лукашэнкі: прэзідэнцкія выбары не павінны сумяшчацца з іншай кампаніяй, каб не дэвальваваць іх значнасць.

Лукашэнка выказаўся за тое, што прэзідэнцкія выбары не трэба праводзіць датэрмінова.

«Я думаю, што рабіць гэтага нельга, таму што зноў пойдуць абвінавачванні, што ўлада пайшла на правядзенне выбараў як можна раней, нашы палітычныя апаненты не былі да гэтага гатовыя, грошай не сабралі, не аб’ядналіся, не раз’ядналіся — зноў нас абвінавацяць», — выказаў Лукашэнка клопат за апазіцыю.

Паведамляецца таксама аб касметычных зменах выбарчага заканадаўства.
ЦВК зробіць кіраўніку дзяржавы шэраг прапановаў, ініцыяваных АБСЕ і палітычнымі партыямі.

Яны датычаць спрошчвання парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, мераў дадатковай аховы скрыняў для галасавання, забеспячэнне надзейнасці датэрміновага галасавання. Нагадаем, што патрабаваннямі апазіцыі была поўная адмена датэрміновага галасавання, публічны падлік галасоў і ўдзел прадстаўнікоў незалежнай грамадскасці ў выбарчых камісіях.

Што да мясцовых выбараў, то яны, выглядае, стануць нейкім тэстам. Для Еўропы? Ці для самога Лукашэнкі, ці здольны ён выйграваць пры іншых умовах гульні? Сам Лукашэнка кажа: «Усе ўбачаць свой рэйтынг, калі пройдуць выбары ў саветы. І зробяць адпаведныя вынікі, праўкі, у сувязі з гэтым вылучаць кандыдатаў на выбары-2011».

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за люты 2011 году, а мясцовыя — за снежань 2010.

Пра свой намер удзельнічаць у мясцовых выбарах імгненна заявіў Рух «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?