Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам прасіў пра поўную адмену санкцый.

Беларусь гатова будаваць змястоўныя і фундаментальныя адносіны з Еўропай, без націску і ўмоў з яе боку. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам.

«Мы будуем адносіны з Еўропай не на аснове скарацечных захадаў або дэманстрацый, а хочам будаваць змястоўныя і фундаментальныя адносіны», — сказаў прэзідэнт. На яго думку, размова Еўропы з Беларуссю з пазіцыі санкцый будавацца не павінна. «Адменіце вы санкцыі — дзякуй, не адменіце — таксама дзякуй. Напэўна, вам так зручна. Калі вы іх зноў прадоўжыце, мы будзем успрымаць гэта як спробу зноў падвесіць нас і нешта з нас выціснуць. Гэта контрпрадукцыйна і бесперспектыўна», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Беларусь не будзе прымаць якіх‑небудзь дэманстрацыйных захадаў перад разглядам у Еўропе пытання па Беларусі. «Некаторыя пачалі гаварыць, што наконадні пасяджэння Рады Міністраў ЕС мы спрабуем нешта лібералізаваць і згуляць пад Еўропу, — адзначыў прэзідэнт. — Вось ад чаго я засцерагаю нашы МЗС і ўрад: каб мы ні ў якім выпадку пад гэты момант нічога не рабілі». «Калі еўрапейцы будуць трымаць нас пастаянна ў падвешаным стане і патрабаваць зрабіць сюды крок, туды крок, гэтых адпусціць, а гэтых пасадзіць і гэтак далей, то мы на такую палітыку пагадзіцца не можам», — дадаў ён.

«Еўрапейскі саюз быў, ёсць і будзе. Але без Украіны і Беларусі ў вас ніколі не будзе Еўропы. Гэта цэнтр Еўропы, вялізная і найважнейшая яе частка», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь «навучылася жыць самастойна, знайшла сяброў за межамі Еўропы», дыверсіфікавала сваю замежную палітыку. Аднак Беларусь і Еўропа павінны супрацоўнічаць. «ХХІ стагоддзе — не час для такой практыкі адносін, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Не ўмовы, не ультыматумы, не ваенныя дзеянні будуць вызначаць развіццё. Яго будзе вызначаць тая вага дзяржавы, якую яна ўносіць па процідзеянню выклікам». Прэзідэнт нагадаў аб тым вялікім укладзе Беларусі ў процідзеянне распаўсюджванню наркотыкаў, нелегальнай міграцыі і інш. «Лічу, Еўропа без Беларусі не абыдзецца, — сказаў ён. — Калі Еўропа гэта цяпер не разумее, яна зразумее гэта заўтра».

«Перш чым нас дэмакратызаваць, Еўропа павінна бачыць тое станоўчае, што мы нясём, і абапірацца на фундаментальныя рэчы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Мы не супраць паразмаўляць аб дэмакратыі, але хочам, каб Еўропа бачыла і другі бок медаля, больш важны, больш істотны для самой Еўропы», — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму, звязаную з размовамі аб тым, што Лукашэнка баіцца страціць уладу. «Гэта балбатня, у асноўным у Еўропе ад нашай апазіцыі, мяне часам засмучае, — заўважыў ён.

— Хачу сказаць адкрыта: Лукашэнка ўжо дастаткова на чале ўлады, наеўся ёю так, што ванітуе, і пытанне ў тым, дзеля чаго я стараюся яе захаваць. У мяне заўсёды была адна мэта — захаваць суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны. Я хачу, каб народ нармальна жыў, каб на гэтым кавалку зямлі людзі адчувалі сябе дома. Вось мэта ўсёй маёй ўладнай палітыкі».

Адным з надзейных суседзяў Аляксандр Лукашэнка разглядае Эстонію. «Вы наш дружалюбны сусед. Мы ніколі не лічылі, што з тэрыторыі Эстоніі або іншай прыбалтыйскай дзяржавы можа ісці якая‑небудзь пагроза, хоць яны і з’яўляюцца членамі НАТА», — сказаў ён. На яго думку, было б няправільным у адносінах дзвюх краін адкідаць усё тое добрае, што было закладзена ў савецкія часы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?