Трэцi матч групавога раўнда Лiгi Еўропы правядзе сёння барысаўскi БАТЭ. Паядынак супраць грэчаскага АЕКа пройдзе ў Мiнску, на стадыёне «Дынама», яго пачатак — а 20‑й гадзiне.
Учора ў сталiцу прыехалi футбалiсты каманды гасцей i ўвечары правялi трэнiроўку на дынамаўскiм газоне. Барысаўчане ж засталiся адданымi сваёй традыцыi трэнiравацца на клубнай базе ў Дудзiнцы. Напярэдаднi матчу галоўны трэнер БАТЭ Вiктар Ганчарэнка i нападаючы каманды Вiталь Радзiвонаў сустрэлiся з журналiстамi i падзялiлiся меркаваннем наконт супернiка, сенсацыйнай перамогi «Рубiна» над «Барселонай» i змены iмiджу Курбана Бердыева, i адказалi на пытанне з анкеты перапiсу насельнiцтва.

— Вiталь, цi асэнсоўваюць футбалiсты, што толькi перамога над АЕКам дае камандзе шанцы заняць другое месца ў групе?

В.Р.: Каманда рыхтуецца толькi з адным жаданнем — перамагчы. І мы нават не столькi разглядаем нейкiя доўгатэрмiновыя перспектывы, а найперш хочам набыць упэўненасць у сваiх сiлах.

— Вiктар Мiхайлавiч, чым адрознiваецца АЕК ад «Бенфiкi» i «Эвертана»? Якiя матчы вам удалося паглядзець? Цi выязджаў на матчы хтосьцi з вашых памочнiкаў?

В.Г.: Калi «Эвертан» гуляе доўгiмi перадачамi, «Бенфiка» аддае перавагу сярэдняму i кароткаму пасу, то АЕК — змяшэнне гэтых абодвух стыляў. У нас шмат iнфармацыi, мы праглядзелi некалькi DVD‑дыскаў, на апошнюю гульню клуба ў чэмпiянаце Грэцыi выязджаў наш трэнер Аляксандр Ермаковiч.

— Пасля матчу з «Эвертанам» вы наракалi, што вашу каманду задушыла гучнае iмя супернiка. Цi працавалi над псiхалогiяй гульцоў?

В.Г.: Пасля матчу быў вельмi эмацыйны спiч. Калi дэталёва прааналiзаваў матч, стала зразумела, што мы страцiлi канцэнтрацыю ў момантах, калi прапусцiлi два мячы. Улiчваючы, што «Эвертан» гуляе такiя матчы кожны тыдзень, то з iх практыкай нескладана было пакараць нас у гэтых двух эпiзодах. А так мы цалкам кантралявалi матч, што пацвярджае i статыстыка. Хочацца спадзявацца, што той досвед, якi мы набылi, нам спатрэбiцца, i ў нас не будзе больш такiх памылак.

— Якiя думкi выклiкалi ў вас вынiкi матчаў Лiгi чэмпiёнаў у Барселоне i Глазга?

В.Г.: У мяне ўражанне, што ў футболе не засталося фаварытаў. Прадказаць вынiк немагчыма. Удалося паглядзець матч «Iнтэр» — «Дынама» (Кiеў) — нягледзячы на тое, што намiнальным фаварытам з’яўляўся «Iнтэр» , на мой погляд, блiжэйшым да перамогi было «Дынама». У футболе цяпер нiчога немагчымага няма.

— Учора вам не хацелася быць на месцы галоўнага трэнера «Рубiна» Курбана Бердыева?

В.Г.: Калi маеце на ўвазе перамогу, то безумоўна. Але як ён сябе спальваў... Упершыню ўбачыў, што ён так доўга стаяў у тэхнiчнай зоне, звычайна ён у спартыўным касцюме сцiпла сядзiць на лаўцы i перабiрае чоткi. А пасля фiнальнага свiстка ён увогуле ўпаў на каленi... Нейкую частку жыцця забрала гэтая перамога. Але штосьцi i прыйшло, бо яму давялося дабiцца перамогi над лепшым клубам Еўропы на яго стадыёне.

— Ён змянiў сваё адзенне ў выязным матчы i адразу выйграў. Вы нiчога змянiць не збiраецеся?

В.Г.: У вынiку перамогi i без кашулi можна выйсцi. Але не думаю, што ўбранне адыгрывае такое значэнне.

— Вiктар Мiхайлавiч, цi ўсе футбалiсты гатовыя выйсцi на поле?

В.Г.— За выключэннем Стасевiча, якi, як вядома, атрымаў траўму, усе гатовыя. Нават Булыга з нядаўняга часу трэнiруецца ў агульнай групе.

— Вiталь, што ўяўляе АЕК?

В.Р.: На мой погляд, гэта моцны грэчаскi клуб, еўрапейскi сераднячок, i абыграць яго нам па сiлах.

— Прысутнасць Вiталя на прэс‑канферэнцыi гарантуе тое, што ён выйдзе ў асноўным складзе?

В.Г.: У нас iншая прыкмета. У Партугалii быў дысквалiфiкаваны Шытаў, у матчы з «Эвертанам» Крывец, яны як раз i хадзiлi на перадматчавыя прэс‑канферэнцыi... Вiталю для таго, каб добра выглядаць на высокiм узроўнi, патрэбная пастаянная гульнявая практыка. Ён не з тых футбалiстаў, хто можа прапусцiць матч. Таму 90 хвiлiн ён згуляў у Салiгорску.

— Традыцыйна паўднёвыя каманды надзвычай артыстычныя — футбалiсты прыгожа падаюць, правакуюць супернiка...

В.Г.: Магу сказаць, што гэта засталося ў мiнулым. У арбiтраў ёсць дакладныя рэкамендацыi, усе спробы сiмуляцыi яны жорстка спыняюць.

— Вы казалi пра няўдалую аўру стадыёна. Няма жадання зламаць традыцыю i правесцi трэнiроўку на «Дынама»?

В.Г.: Мяркую, што поле i так знаёмае нашымi гульцам — гэта чацвёрты матч БАТЭ на «Дынама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?