«Лівэрпуль» пагадзіўся, каб польскі галкіпер Ежы Дудэк пакінуў клюб.
Пераможца Лігі чэмпіёнаў -- 2005 згубіў месца ў складзе каманды мінулым летам з прыходам у браму Хасэ Рэйны. 33-гадовы паляк рабіў усё, каб сысьці – трэнер нацыянальнай зборнай Павад Янась заявіў, што на мундыяль возьме толькі толькі тых, хто мае трывалае месца ў складзе сваіх камандаў. Але трэнер мэрсысайдцаў Рафаэль Бэнітэс Дудэка не адпусьціў, і ён на сусьветнае першынство не паехаў.
Цяпер сытуацыя зьмянілася. Клюб знайшоў другога галкіпера ў дапамогу Хасэ Рэйне – Скота Карсана. А Дудэк атрымаў дазвол на трансфэр.
Бэнітэс спрабаваў збыць Дудэка і абаронцу Яна Кромкампа ў галяндзкі «Фэенорд» у замен на маладога і дужа пэрспэктыўнага Дырка Кюйка. Галяндцы не пагадзіліся. Але Бэнітэс хоча мець яшчэ аднаго снайпэра. З сыходам Фэрнанда Мар’ентэса ў «Валенсію» і Джыбрыля Сісэ ў марсэльскі «Алімпік» трэнэр мае ў сваім распарджэньні толькі трох форвардаў: Крэйга Бэламі, Пітэра Краўча і Робі Фаўлера.
Дудэка зьбіраюцца адпусьціць за 1,5-2 млн фунтаў. Пакуль канкрэтных прапаноў няма, але галкіпер мае час да закрыцьця трасфэрнага акна -- 31 жніўня. Чэмпіянат ангельскай прэм’ер-лігі стартуе 18 жніўня.
Але каб пабачыць «Лівэрпуль» ня трэба афармляць візу і купляць квіток на самалёт. УЭФА, магчыма, адменіць у Хайфе паядынак 3-га раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовым «Маккабі» і «Лівэрпулем», і каманды 22 ці 23 жніўня згуляюць у Кіеве.