Грэка‑каталіцкі клуб інтэлігенцыі імя св. Кірылы Тураўскага праводзіць сваю чарговую сустрэчу.

У пятніцу 23 кастрычніка ў 19:00 гадзін даклад на тэму «Жыровіцкая Ікона Маці Божай у духовай гісторыі Беларусі» прачытае гісторык Царквы, а. Яўген Усошын (магістр багаслоўя).

Гэтая душпастырская сустрэча адбудзецца ў Мінску, ў грэка‑каталіцкім парафіяльным Цэнтры св. Язэпа (вул. Арджанікідзэ, д. 6; даезд на метро да ст. метро «Аўтазаводская», далей налева па вул. Цэнтральнай; 3‑я вуліца направа).

Як вядома, у 2010 годзе прыпадае 280 год з часу каранацыі Жыровіцкай Іконы Маці Божай папскімі каронамі.

8 (19) верасня 1730 г., у свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Атанасій Шаптыцкі, у прысутнасці пасланніка Папы Рымскага, двух уніяцкіх біскупаў (Тэафіла Гадэбскага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), шматлікага духавенства візантыйскага і лацінскага абрадаў і дзесяткаў тысяч вернікаў здзейсніў урачысты акт каранацыі залатымі папскімі каронамі Іконы Маці Божай у Жыровіцах.

Была гэта першая каранацыя цудатворнай іконы папскімі каронамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0