Па Менску пайшлі чуткі, што зафіксаваныя першыя выпадкі смерці ад віруса A/H1N1.

Нібыта, два дыягназы ўжо дакладна пацверджаны: адзін чалавек памёр ад віруса у 2‑й гарадской бальніцы і яшчэ адзін, 17‑гадовы хлопец, у дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Таксама гаворка ідзе пра некалькіх чалавек, дыягназ якіх чакае пацверджання: смерць чалавека ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, цяжарнай жанчыны ў 10‑й бальніцы, мужчынаў 30 і 37 гадоў ў 5‑й бальніцы. Агульны сімптом — вірусная пнеўманія як ускладненне грыпу.

Такую інфармацыю апублікавала блогерка czy у суполцы minsk_by. Яна таксама піша, што ўсе аддзяленні бальніц заваленыя хворымі грыпам, а Міністэрства здароўя Беларусі на гэты момант заняты пошукам рэаніматолага з 5‑й бальніцы, які дапусціў «уцечку» інфармацыі пра двух памерлых пацыентаў.

Яшчэ 28 кастрычніка блогер sammy_belarus напісала пра тое, што дактары і медсёстры ў 5‑й бальніцы ходзяць у масках. Зрэшты, яны могуць насіць маскі як сродак засцярогі ад звычайнага сезоннага грыпу. Прынамсі, у 11-й гарадской бальніцы такім чынам і засцерагаюцца.

«Толькі што паведамілі, што тут, у рэанімацыі памерлі ад A/H1N1 ці ад «свінога грыпу» два чалавекі: 30 і 37 гадоў. Яшчэ два змагаюцца за жыццё. Сімптомы: высокая тэмпература і ацёк лёгкага…» — піша sammy_belarus.

На дадзены момант у Беларусі афіцыйна не зарэгістравана ніводнага выпадкаў смерці ад свінога грыпу.

Ні ў адной з бальніц інфармацыю пра летальныя выпадкі ад свінога грыпу не пацвердзілі. А на сайце Мінздароўя апошняя інфармацыя пра захворванне на свіны грып у Беларусі датавана 21 жніўня.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0