Інвестыцыі ў беларускую гаспадарку растуць. Пра гэта на прэс‑канферэнцыі з нагоды правядзення ў Мінску інвестыцыйнага форума заявіў першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Пётр Жабко.

Калі за 2008 год аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусь склаў 2,3 млрд. амерыканскіх даляраў, а агульны іх аб’ём раўняўся 6,5 млрд, то за дзевяць месяцаў гэтага года — 3 і 6 млрд адпаведна.

Сярод прычын росту замежных капіталаўкладанняў у беларускую гаспадарку спадар Жабко назваў паспяховае рэфармаванне эканомікі Беларусі, працу Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва, а таксама ўзрастаючую цікавасць да нашай краіны.

«Мы працавалі над большымі лічбамі, але крызіс даў аб сабе знаць. Думаю, што ў наступным годзе будзе больш інвестыцый. Ёсць цікавасць да Беларусі. Мы другі год запар ўвайшлі ў пяцёрку краін з найбольш паспяховым рэфармаваннем эканомікі. Зараз займаем 58‑е месца паводле інвестыцыйнай прыцягальнасці. Калі ўвойдзем у 30‑ку — пяройдзем праз яшчэ адну прыступку» — зазначыў П.Жабко.

Пётр Жабко таксама распавёў аб магчымасці рэфармавання Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва. Ён адзначыў, што ўрад задаволены працай гэтай установы, аднак у будучым бачыць яе дзейнасць больш выніковай. «Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва можа стаць самаакупальнай і нават прыбытковай арганізацыяй» — перакананы першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Пётр Жабко.

АП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0