Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў наведае 30—31 кастрычніка Арменію з афіцыйным візітам.

Як паведамляе прэс‑служба МЗС Беларусі, у ходзе візіту запланавана сустрэча Мартынава з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам. Таксама праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі з прэм’ер‑міністрам Арменіі Тыгранам Саркісянам і міністрам замежных спраў Эдвардам Налбандзянам, у ходзе якіх будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва‑эканамічнай сферы, узаемадзеяння Беларусі з Арменіяй у міжнародных арганізацыях (ААН, АБСЕ, Савет Еўропы).

Плануецца, што кіраўнік МЗС Беларусі таксама наведае Шыракскую вобласць [Сяргей Мартынаў, дарэчы, нарадзіўся ў Гюмры (да 1991 г. Ленінакан) - адм. цэнтры Шыракскай вобласці -- НН] і сустрэнецца з яе губернатарам Лідай Нанян.

Мяркуецца падпісанне пагаднення паміж Шырацкай вобласцю Рэспублікі Арменія і Гродзенскай вобласцю Беларусі аб гандлёва‑эканамічным, навукова‑тэхнічным і культурным супрацоўніцтве.

Мартынаў таксама выступіць перад студэнтамі і прафесарска‑выкладчыцкім складам Ерэванскага дзяржаўнага універсітэта, паведамляе прэс‑служба МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?