Магілёўскім праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя папраўчай установы, дзе праз прымусовую працу на так званай «хіміі» адбывае пакараньне маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, забараніла юнаку карыстацца ноўтбукам. Напярэдадні такая забарона была накладзеная на карыстаньне радыёпрыймачом. У абодвух выпадках адміністрацыя патрабуе ад Артура прад’яўленьня дакумэнтаў на тэхнічныя апараты, якія б сьведчылі «пра законнасьць набыцьця». Прасьцей гаворачы, на ноўтбук і прымач (а таксама, калі б гаворка зайшла, напрыклад, аб лядоўні ці тэлевізары) утрыманцы папраўчай установы паводле яе правілаў павінны мець копіі чэкаў гандлёвых установаў і пашпарты гэтых прыладаў з адпаведнымі адзнакамі аб часе іх продажы.

Зразумела, што перададзеныя Артуру ягонымі паплечнікамі і сябрамі прымач і ноўтбук зусім ня новыя і ў гаспадароў іх, як выявілася, не захавалася ніякай гандлёвай дакумэнтацыі. Праваабаронцы ўпэўненыя, што ў адміністрацыі папраўчай ўстановы насамрэч ёсьць магчымасьць у кожным канкрэтным выпадку зьмякчаць альбо рабіць больш жорсткімі ў параўнаньні з фармальнымі патрабаваньнямі канкрэтныя ўмовы знаходжаньня ў спэцінтэрнаце асуджаных людзей. Да гэткіх умоваў належыць магчымасьць для асуджанага карыстацца ў адведзены ўнутраным распарадкам час такімі элемэнтарнымі цяпер здабыткамі тэхнікі як пераносны кампутар, радыёпрымач, мабільны тэлефон. Калі дадаць, што напярэдадні прадстаўнік адміністрацыі параіў Артуру не прыносіць у спэцінтэрнат такіх газэтаў як «Наша Ніва» і «Народная Воля», атрымліваецца, што адміністрацыя мае пэўны загад на жорсткае кантраляваньне актывіста.

Праваабаронцы рыхтуюць афіцыйны візыт ва ўстанову, каб на месцы азнаёміцца з умовамі ўтрыманьня асуджаных «на хімію» людзей.

belngo.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0