28 кастрычніка адбылося паседжанне Сената ЕГУ, на якім разглядаўся адкрыты ліст групы палітолагаў — выкладчыкаў дэпартамента паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта: Андрэя Казакевіча, Андрэя Ягорава, Сяргея Богдана, Дзяніса Мельянцова, Аляксея Дзерманта, Таццяны Чыжовай і Таццяны Вадалажскай.

У лісце згаданыя асобы абвінавачвалі кіраўніцтва універсітэта ў грубым парушэнні «дэклараваных ЕГУ прынцыпаў акадэмічных свабод і самакіравання» і заяўлялі ў сувязі з гэтым «аб прыпыненні свайго ўдзелу ў навучальным працэсе да тых часоў, пакуль гэтыя рашэнні не будуць перагледжаныя, а працэдуры прызначэння службовых асоб не будуць прыведзеныя ў адпаведнасць з дэклараванымі прынцыпамі акадэмічных свабод».

Па словах старшыні Сената ЕГУ, Паўла Церашковіча, 1‑га кастрычніка ён атрымаў ліст, падпісаны групай асобаў. «Я асабіста ўзяў адказнасць за яго разгляд. У лісце аўтары выразілі нязгоду з кадравымі прызначэннямі на дэпартаменце паліталогіі. Прыпынілі навучальны працэс і заявілі, што адновяць працу пры ўмове калі Сенат задаволіць іх патрабаванні» — распавеў «НН» спадар Церашковіч.

Ён таксама адзначыў, што паседжанне Сената было адкрытым — на ім прысутнічалі прадстаўнікі СМІ, выкладчыкі ЕГУ, студэнты і прадстаўнік аўтараў ліста — Андрэй Ягораў.

Паводле П.Церашковіча, абмеркаванне было вострым. Усе прысутныя маглі выказаць сваю думку. Сенат палічыў, што кадравыя прызначэнні на дэпартаменце паліталогіі былі зробленыя ў адпаведнасці са статутам універсітэта. Было таксама вырашана адправіць аўтарам ліста афіцыйны адказ. На момант атрымання заявы Сенатам, у іх не было ніякіх дамоваў аб працы з ЕГУ. Сенат выказаў шкадаванне з нагоды таго, што адбылося. Было падкрэслена, што аўтары ліста не выкарысталі працэдуры вырашэння канфліктных сітуацый ЕГУ. А таксама парушылі прафесійную этыку пры асвятленні падзеі у СМІ» — адзначыў спадар Церашковіч.

Адзін з падпісантаў адкрытага ліста — Дзяніс Мельянцоў — так пракаментаваў у размове з «НН» паседжанне Сената ЕГУ: «Сенат фактычна ўхіліўся ад вырашэння канфлікта. Паколькі сам факт існавання канфлікта так і не быў прызнаны. Няма канфлікта — няма з кім і размаўляць. Гэты ліст патрактавалі як ліст ад прыватных асоб. А перагляду справы не будзе — бо тое не ў кампетэнцыі Сената». Дз.Мельянцоў таксама зазначыў, што «сённяшняя адміністрацыя ЕГУ не зацікаўленая ў існаванні салідарна дзеючых супольнасцяў ва ўніверсітэце. Усё зводзіцца да трактавання Статута».

Нейтральную пазіцыю ў спрэчцы паміж групай палітолагаў і адміністрацыяй ЕГУ паспрабавала заняць студэнцкая супольнасць.

Прадстаўнік студэнтаў у Сенаце, Яўген Гладкі, зазначыў, што «гэта складаная сітуацыя, канфліктная. Мы спрабавалі высветліць, што адбылося, знайсці пляцоўку для паразумення. Мы не падтрымлівалі нейкі бок. Аднак склалася ўражанне, што выкладчыкам універсітэта было ўсё адно, яны нічога не рабілі. Вось што было прыкра. Выкладчыкі маглі б больш зрабіць, каб разабрацца ў сітуацыі.» Разам з тым, Яўген Гладкі адзначыў і нізкую зацікаўленасць студэнтаў дэпартаменту паліталогіі склаўшайся сітуацыяй. «Я асабіста разаслаў інфармацыю пра паседжанне Сената і яго тэму. Студэнтам трох курсаў. Гэта 50‑60 чалавек. З іх на паседжанне Сената прыйшло 8‑9, плюс некалькі чалавек з іншых дэпартаментаў. Гэта паказальнік, па‑мойму» — так пракаментаваў актыўнасць студэнтаў Я.Гладкі.

Нагадаем, што ў верасні група выкладчыкаў дэпартамента паліталогіі ЕГУ выказала нязгоду з прызначэннем кіраўніцтва дэпартамента і абвясціла аб магчымасці свайго сыходу з універсітэта. Паводле іх версіі, адбылося парушэнне акадэмічных свабод, неабходных для дзейнасці навучальнай установы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?