Пра гэта гаворыцца ў лісце старшыні Кансерватыўна‑хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазьняка, які 1 лістапада на мітынгу ў Курапатах прачытаў адказны сакратар партыі Валерый Буйвал.

У адозве лідэра КХП‑БНФ з нагоды Дзядоў адзначаецца, што «ворагі чалавецтва знішчылі заможнае працоўнае сялянства, беларускую шляхту і адукаваных людзей». «Савецкая акупацыя Беларусі павінна быць прызнана рэжымам генацыду і пацыфікацыі народа», — гаворыцца ў пасланні.

Выступаючы каля Крыжа пакут, намеснік старшыні КХП‑БНФ Сяргей Папкоў адзначыў, што ўдзельнікі традыцыйнага шэсця прыйшлі ва ўрочышча, каб аддаць даніну павагі продкам, якіх забілі расійскія каты. «Мы прыйшлі сюды, таму што нашы продкі паклікалі нас 20 гадоў таму. І мы прыйшлі, успомніўшы, хто мы ёсць.

Адгукнуўшыся на покліч продкаў, мы набылі свабоду і незалежнасць, якія неабходна адстаяць», — сказаў Папкоў.

Паводле слоў намесніка старшыні КХП‑БНФ Юрася Беленькага, дзяржаўныя СМІ пішуць пра тое, што цяперашнія ўлады не адказныя за ахвяры, якія пахаваны ў Курапатах. «Так, яны не стралялі, аднак, устанаўліваючы на штучнай «Лініі Сталіна» бюст Сталіну, яны страляюць словамі, ідэямі, забіваюць душы людзей», — падкрэсліў Беленькі.

Ён заклікаў беларусаў аб’яднацца ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

Падчас мітынгу яго ўдзельнікі неаднаразова выконвалі гімн на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа».

Пасля мітынгу ў Курапатах было ўстаноўлена амаль 20 новых крыжоў, зробленых перад пачаткам акцыі. Каля іх былі запалены лампады, ускладзены кветкі.

Вечарам 31 кастрычніка прадстаўнікі грамадскасці і міліцыі ажыццяўлялі дзяжурства ў Курапатах, каб не дапусціць актаў вандалізму, якія сталі сістэматычнымі ў апошнія гады напярэдадні Дзядоў.

Марат Гаравы, БелаПАН

Глядзі таксама:
Онлайн-рэпартаж з Дзядоў-2009 + відэа + фота
Фотарэпартаж Алеся Пілецкага
Дзяды на Мастоўшчыне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0