Студэнтам‑перапісчыкам заплацілі за працоўны час, а не за колькасць перапісаных. А як кампенсаваць змарнаваныя дні студэнтам‑платнікам?

Супрацоўнікі Белстата радасна адрапартавалі, што перапіс насельніцтва скончыўся і перапісаныя 97% гаспадарак. Тым не менш, на паверхні застаўся шэраг фінансавых пытанняў. Абсалютную большасць перапісчыкаў склалі студэнты. Дзяржава абавязалася выплаціць ім па 140 тысяч рублёў за 22 дні працы.

— Я паспела перапісаць каля 90% кватэр, але ў перадапошні дзень перапісу захварэла. Мне выдалі бальнічны. Калі пра гэта даведалася кіраўніцтва ўчастку, то яны хуценька зрабілі пераразлік. Замест 140 я атрымаю 105 тысяч — адну базавую велічыню мне не выплацяць, — расказвае студэнтка‑перапісчыца Настасся.

Белстат тлумачыць: перапісчык павінен быў працаваць штодзень.

За гэта ён і атрымлівае грошы. А колькі працэнтаў працы ён робіць — другаснае пытанне.

Грошы на вецер

Яшчэ адна праблема звязаная са студэнтамі‑платнікамі: ніхто не збіраецца кампенсаваць ім наперад аплочаныя і прапушчаныя заняткі. Калі кошт года навучання перавышае $1500, то 22 дні перапісвання — каля 300 тысяч рублёў…

У бухгалтэрыі БДУ літаральна смяюцца: «Ніякага пераразліку ў нас не будзе! Няхай факультэты арганізуюць прапушчаныя заняткі». Але зразумела, што калі выкладчыкі ўжо правялі заняткі з тымі студэнтамі, якія не ўдзельнічалі ў перапісе, яны не будуць паўтараць тое самае бясплатна яшчэ і для другой часткі курса. Калі ж аплачваць працу выкладчыкаў — бюджэт універсітэта не сыдзецца.

Як дабівацца праўды

Юрыст Валянцін Стэфановіч раіць адштурхоўвацца ад дамовы, якую заключалі студэнты‑платнікі са сваімі навучальнымі ўстановамі. Калі там сказана, што абавязак універсітэта — арганізацыя навучальнага працэсу, то ВНУ адказнае за невыкананне дамовы.

— Праўда, універсітэты могуць апраўдвацца, што студэнты ўдзельнічалі ў перапісе добраахвотна, —

выказвае меркаванне Валянцін Стэфановіч.

Ягор Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0