Ад самага заснаваньня Ізраілю ў 1948 г., ён пастаянна пакутаваў ад гвалту – часам амаль непрыкметнага, а часам адкрытае вайны. Калі выбухала вайна – пачыналіся спрэчкі наконт яе прычынаў, быццам бы гэта і было галоўным. Сёньня вайна ідзе паміж Ізраілем, палестынцамі і Лібанам, а сьвет зноў абмяркоўвае, як перавесьці адкрытую вайну ў ціхі гвалт, вярнуць ізраільскіх жаўнераў і раззброіць Хэзбалаг.

Усе ізраільскія ўрады імкнуліся да стварэньня сытуацыі, калі сьвет і суседзі Ізраіля прызнаюць яго існаваньне і скончыцца супрацьстаяньне. Пакуль гэта ўдалося зрабіць толькі часткова. Вядома, у нечым вінаватыя суседзі, але ёсьць падставы казаць і пра сыстэмную праблему ўнутры самой ізраільскай дзяржавы – а менавіта ідэйныя перакананьні ізраільскае эліты. Справа ў тым, што яна, прытрымліваючыся жорсткай рэальнапалітычнай лініі ў вонкавай палітыцы, спалучыла яе з настойлівым імкненьнем да ўвасабленьня ўтапічных праектаў (некалі сыянісцкага, сёньня – пашырэньня габрэйскіх паселішчаў на юрыдычна не прыналежных да Ізраіля землях). Акурат ўтапічныя праекты шкодзяць Ізраілю. Бо нельга збудаваць «чыстую» краіну – без арабаў – у мультыкультурным сьвеце і ў заўжды мультыкультурнай Палестыне. Маральная вартасьць гэтага намеру сумнеўная. Да таго ж Ізраіль ня здужае такі праект.

Сама стратэгія Ізраіля ў галіне абароны і вонкавай палітыкі з 1948 году абапіралася на моцнае войска і магутную міжнародную падтрымку. Гэткай стратэгіяй можна было часова дасягнуць мінімальных задачаў – Ізраіль выжыў. Нявыкананай застаецца праграма-максымум, бо праблемы яго існаваньня ў рэгіёне неразьвязаныя – праблемы, створаныя не ў апошнюю чаргу самім Ізраілем.

Амэрыка Ізраіль не стварала

Стратэгія, што забясьпечвала існаваньне Ізраіля, мадыфікавалася цягам часу. Насуперак паспалітым уяўленьням, абсалютная падтрымка Ізраіля Вашынгтонам пачалася не з заснаваньня жыдоўскай дзяржавы. Жыцьцядайную дапамогу Ізраілю ў яго барацьбе за выжываньне супраць шматлікіх арабскіх армадаў у 1948 годзе надаў Савецкі Саюз і яго ўсходнеэўрапейскія сатэліты. Нягледзячы на кароткатэрміновасьць савецкае падтрымкі, яна мела вырашальнае значэньне. Пасьля Масквы падтрымліваць Ізраіль узялася Францыя. Яна захрусла у альжырскай вайне і разглядала падтрымку Ізраіля, як істотны складнік у стратэгічнай барацьбе супраць арабскіх нацыяналістаў, у тым ліку ў Альжыры. Аднак, сыйшоўшы адтуль у 1962 годзе, Парыж пакінуў Ізраіль на волю лёсу, аддаючы перавагу наладжаньню прыязных стасункаў з арабскім сьветам.

І тады Ізраіль трапіў у абдымкі Злучаных Штатаў. На гэты геапалітычны зрух паўплывала ізраільская перамога ў Шасьцідзённай вайне 1967 году, калі Ізраіль давёў сваю здольнасьць быць магутнай вайсковай сілай у рэгіёне. Вайна зьмяніла і стаўленьне сусьветнай габрэйскай дыяспары. Калі раней толькі палова габрэяў падтрымлівала стварэньне Ізраіля, дык па вайне габрэі зразумелі, што Ізраілем сапраўды можна ганарыцца, а яго ўрад варта падтрымліваць.

Пасьля 1967 году ізраільскі ўрад ужо асабліва не прагнуў перамоваў з палестынцамі ці арабскім сьветам. Надалей ён прапаноўваў ім гатовыя рашэньні на сваіх умовах. Сапраўдных перамоваў не было ні з Насэрам, ні з Арафатам, сёньня Хэзбалагу і Хамасу таксама прапануецца прыняць падрыхтаваныя Ізраілем рашэньні і перайсьці ў ізраільскую сыстэму каардынатаў. Пераканаўчасьці гэткім прапазыцыям мае дадаць вайсковая кампанія. З пункту гледжаньня жорсткай рэальнай палітыкі, гэта – цалкам слушна.

Аднак сёньняшняе застасаваньне сілы ў Лібане і Газе дазволіць забясьпечыць толькі выжываньне Ізраілю і не дазволіць жыдам і арабам збудаваць супольнае жыцьцё. Праблема ў тым, што за мурамі ўтопіяў ізраільская эліта ня бачыць рэальных людзей. Бо калі палестынцы не пагаджаюцца ствараць яўна нежыцьцяздольную дзяржаўку Палестыну зь некалькіх адгароджаных рэзэрвацыяў (якія рэгулярна плюндруюцца ізраільскімі войскамі) і супраціўляюцца абгароджваньню, страляючы, беручы ў палон жаўнераў ды пускаючы ракеты на Ізраіль, дык на гэта ёсьць рацыянальныя прычыны па-за катэгорыямі «экстрэмізму», «іслама-фашызму» і «сутыкненьня цывілізацыяў».

Утопіі палітыкаў і памылкі Масаду

Ізраільскае кіраўніцтва спрабуе падзяліць вонкавапалітычныя праблемы, гэта маўляў, датычыць Эгіпту, тое – Ярданіі, Лібану, Палестыны і г.д. Але гэта аблуда, бо першакрыніца сёньняшніх бедаў Ізраілю – палестынцы. Падзеі ў Лібане нельга аддзяляць ад падзеяў у Палестыне. Фактычна, да другой паловы ХХ стагоддзя немагчыма было нават выразна вылучыць Лібан, Сырыю і Палестыну. Таму так цесна сплятаюцца сёньняшнія палітычныя падзеі, а праблема Палестыны разьдзьмуваецца на ўвесь рэгіён. Нават не з-за арабскага нацыяналізму, але дзеля спакрэўненасьці гэтых краёў.

Квітнеючая Палестына побач зь Ізраілем – такой павінна была быць звышзадача ізраільскага кіраўніцтва ад самага пачатку, і гэта вырашыла б праблемы існаваньня краіны ў рэгіёне. Аднак яно аддало перавагу спалучэньню жорсткай палітыкі з утопіямі пабудовы «свайго» Блізкага Ўсходу. Як піша лібанскі пісьменьнік Эліяс Хоўры, «Лібану давялося далучыцца да бітвы супраць Ізраіля не таму, што ён таго хацеў, не таму што ў ізраільскіх турмах яшчэ ёсьць лібанскія вязьні, але таму што адзіны выбар, які Ізраіль прапануе зрабіць арабскаму Блізкаму Ўсходу, палягае ў выбары паміж тым, каб падпарадкавацца альбо супрацоўнічаць у зьнішчэньні палестынцаў».

Ізраільская эліта па-ранейшаму знаходзіцца ў палоне ўтапічных канструкцыяў. Пра гэта сьведчыць і тое, што яно ў пяты раз, пачынаючы з 1978 году, паставіла перад войскам у цяперашняй лібанскай вайне тую самую задачу – абараніць поўнач краіны ад ракетаў зь Лібану. У пяты раз задача аказваецца невыканальнай, бо няўлічанай аказваецца сіла Хэзбалагу. Палітыкі, відаць, ніколі не зразумеюць, што выведка – не ўсемагутная служба, а толькі ўстанова, што моцна перабольшвае дакладнасьць сваіх гіпатэтычных высноваў ды спэкуляцыяў і імгненна апраўдвае ўласныя памылкі у любой краіне сьвету, каб атрымаць свой кавалак фінансаваньня. Масад таксама памыляецца – таму вайна супраць Хэзбалагу нечакана пераходзіць у кровапраліцьце і масакры цывільнага насельніцтва. Але памылкі дробныя не павінны хаваць памылкі падставовай. Каб на Хайфу не падалі ракеты, трэба не толькі ганяцца за пускавымі ўстаноўкамі, але і вырашыць тыя праблемы, якія прымушаюць людзей іх запускаць.

Кажуць, што дэмакратыі не ваююць між сабой. Але пакуль дэмакратычны Ізраіль ладзіць толькі з сумнеўнымі арабскімі тыраніямі. Затое асноўным яго ворагам ёсьць досыць дэмакратычна (па блізкаўсходніх мерках) абранае кіраўніцтва Ірану, зусім дэмакратычныя хамасаўскі ўрад і квазы-дзяржава Хэзбалагу ў Лібане. Гэта варта тлумачыць тым, што дэмакратыі ў сваім пачатку заўжды зьвязаныя з выбухам нацыяналізму і грамадзянскай мабілізацыяй, не ў апошнюю чаргу, супраць вонкавай пагрозы. Не крыважэрнасьць і нянавісьць рухае байцамі Хэзбалагу і жаўнерамі ізраільскай арміі, а пачуцьцё абавязку перад сваёй грамадой, сваёй справай, у якую яны шчыра вераць.

Таму сёньня ізраільцяны ахвотна падтрымліваюць свой урад, палестынцы сваё кіраўніцтва, а лібанцы – кіраўніцтва Хэзбалагу, якое таксама здолела стварыць дзейсную і легітымную ў вачах лібанцаў квазы-дзяржаву. Ізраіль мяркуе, што вырашэньне палягае ў зьнішчэньні гэтых пачаткаў дэмакратыі, якія, на яго думку, ёсьць экстрэмістамі, а падтрымка людзьмі сваіх дэмакратычных інстытуцыяў расцэньваецца ізраільскім кіраўніцтвам, як індактрынацыя і масавая нянавісьць. Але выйсьце ў адваротным, зазначае Імануіл Валерстайн, «Ізраіль мае патрэбу ў Хамасе і Хэзбалагу. Калі Ізраіль ня хоча ператварыцца ў крыжацкую дзяржаву, і ўрэшце зьнікнуць, дык толькі Хамас і Хэзбалаг могуць гарантаваць выжываньне Ізраіля. Толькі дамовіўшыся зь імі, як выразьнікамі палестынскага і арабскага нацыянальнага руху, Ізраіль зможа жыць у міры».

Гэта будзе складана, але цяперашняя стратэгія ізраільскага кіраўніцтва таксама выглядае ўсё менш пераканаўча. Яе складнікі слабеюць. Вайсковая магутнасьць паблякла на тле посьпехаў лібанскіх партызанаў, ды і што яна можа зрабіць на тле несуцяшальнай для Ізраіля дэмаграфічнай сытуацыі. Падтрымка Злучаных Штатаў таксама можа аднойчы зьнікнуць, як некалі савецкая ці француская. Адзіныя сапраўдныя гарантыі Ізраілю могуць даць толькі суседзі, перадусім палестынцы. Каб іх атрымаць Ізраіль павінен перагледзець свае стратэгіі выжываньня. Прынамсі, пачаць жыць у рэальным сьвеце – назваць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, пачаць перамовы з дэмакратычна абраным кіраўніцтвам Палестыны, а не займацца яго шантажом і адловам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?