«Цывілізацыя, заснаваная на прынцыпу і ідэі павышэння думкі аб самой сябе, з'яўляецца гнілой ад самага свайго нараджэння».

Клод Леві-Строс.

На 101-м гаду з жыцця пайшоў адзін з самых уплывовых мысляроў свету, антраполаг Клод Леві-Строс.

Менавіта яго працы былі інтэлектуальным, навукова абгрунтаваным адказам расісцкім і каланіяльным ідэям першай паловы ХХ-ага стагоддзя пра вяршэнства адных культур над другімі.

Ключавая ідэя Леві-Строса заключалася ў тым, што

такія культурныя феномены, як адметнасці сацыяльнай арганізацыі, рытуалы, міфалогія, музыка або мова, разглядаліся як праявы ўніверсальных, уласцівых усяму без выняткаў чалавецтву, працэсаў мыслення.
Чалавечы разум — добра арганізаваны механізм, які здольны ўпарадкаваць любы досьвед. Вось жа, Леві-Строс сцвярджае, што існуе адзіная, універсальная для ўсіх грамадстваў матрыца па арганізацыі культурных з'яваў і таму дзяльба грамадстваў на «прымітыўныя» і «развітыя» - недарэчная. Стуль і вынікае для каго расчаравальная, для каго - натхняльная ідэя роўнасці розных чалавечых супольнасцяў, у тым ліку нацыянальных і расавых меншыняў побач з вялікімі цывілізацыямі.
Тое, што якоесці афрыканскае племя не мае тэхналагічных набыткаў зусім не сведчыць пра яго адсталасць, гэта адно кажа, што тое племя засяроджана на іншых прыярытэтах
: прыродзе, адносінах са стыхіямі, жыцці роду і г.д., якія часам нават і больш развітыя за адносіны і дасягненні заходняй цывілізацыі.

Пра гуманістычны дух леві-стросаўскай антрапалогіі дакладна выказаўся амерыканскі пісьменнік Курт Вонэгут у сваім аўтабіяграфічным рамане «Бойня №5»: «Пасля вайны я быў студэнтам на антрапалагічным факультэце. Там вучылі, што абсалютна ніякай розніцы паміж людзьмі няма... Яшчэ там вучылі, што ніхто не ёсць ані добрым, ані кепскім, ані брыдкім».


Леві-Строс – адзін са знішчальнікаў міфа заходняй цывілізацыі пра «адсталыя» плямёны.
Ён бачыў у культурных феноменах (мастацтве, рытуалах) універсальную мову, спрабуючы выявіць яе граматыку, або «глыбінную структуру».

«Без сумневу, хутка прыйдзе тая эпоха, калі калекцыі, што паходзяць з астраўных культур пакінуць этнаграфічныя музеі, каб заняць месца ў мастацкіх музеях, паміж старажытным Егіптам і Іранам ды еўрапейскім сярэдневеччам, — пісаў Леві Строс у сваім эсэ «Шлях масак». —Бо гэтае мастацтва не з'яўляецца няроўным з найбольш вялікімі, надаварот: сведчыць пра большую сваю разнастайнасць і даводзіць пра свой невычарпальны дар аднаўлення».

Клод Леві-Строс нарадзіўся 28 лістапада 1908 году ў Брусэлі. Вывучаў філасофію і права ў Сарбоне (1927-1932). Адначасова быў левым палітычным актывістам, сябрам Рабочага Інтэрнацыяналу. У 1935 годзе накіроўваецца ў Бразілію, дзе хутка робіцца прафесарам ўніверсітэту ў Сан-Паўлу, вывучаючы побыт індыянскіх плямёнаў кадзівэў і барора. Этнаграфічная збор, сабраны там, выклікаў фурор на выставе ў Парыжы. У 1940 годзе па праграме Ракфелера па выратаванні еўрапейскіх навукоўцаў быў запрошаны ў Нью-Ёрк. Працаваў віцэ-дырэктарам Антраплгічнага музея ў Парыжы, шмат гадоў быў прафесарам у Каледж дэ Франс. Асноўныя працы - «Раса і гісторыя» (1952), «Сумныя тропікі» (1955).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?