Што сёньня трэба рабіць, каб стварыць шчасьлівую, багатую і вольную Беларусь? Падпольна працаваць зь дзецьмі, падпольна выдаваць часопісы з інфармацыяй, якую прачытаюць ад сілы слухачы радыё «Свабода»? Спрачацца з малазнаёмымі людзьмі, даказваючы, што можна жыць лепей, калі яны штодня замбуюцца (а значыць, жадаюць замбавацца) БТ пра сваё ўласнае шчасьце?

З усіх заняткаў у Беларусі адзіным пэрспэктыўным бачыцца нараджэньне дзяцей. Што яшчэ рабіць у краіне, дзе нікому (за выняткам маленькай часткі эліты) нічога не патрэбна, дзе апатыя стала проста нацыянальнай рысай, — я ня ведаю.

Можна эміграваць, каб празь нейкі час пачаць свой маленькі бізнэс, пасьля зь яго зрабіць вялікі. Ці атрымаць добрую адукацыю і займацца беларускімі праблемамі навукова. Можна стварыць беларускі асяродак і займацца грамадзянскай адукацыяй беларускай моладзі, рыхтаваць беларускую эліту на эміграцыі. Карацей, ствараць інтэлектуальную і фінансавую эліту да тых часоў, калі яна спатрэбіцца беларускаму народу.

Апатыя праходзіць — раней ці пазьней. Беларускія эліты сёньня ня могуць выцягнуць з гэтага стану грамадзтва, якое гэтага не жадае. Таму час на выцягваньне таго, што выцягнуць немагчыма, лепш выкарыстаць для падрыхтоўкі таго моманту, калі грамадзтва ўсё ж вырашыць, што яно хоча зьменаў. Тады будуць патрэбны грошы й сувязі, каб падтрымаць зьмены. Тады сапраўды будзе неабходна адукаваная эліта для кіраўніцтва дзяржаўнымі структурамі на розным узроўні, для адукацыі на сапраўды сусьветным узроўні і для агромністай колькасьці іншых спраў, каб зрабіць Беларусь сапраўды шчасьлівай, багатай і вольнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?