«Раней тут было 14 хат, — кажа Марыя Аляксееўна Зарубiцкая — адзiная жыхарка адзiнай у Беларусi вёскi з афiцыйнай назвай Манголiя (Сенненскi раён).
— Не ведаю нават, як давядзецца жыць сёлета». Пенсiянерку i ўдаву хвалююць не столькi назва вёскi з яе паходжаннем, мiнулым i тым больш будучым, колькi адольваюць надыходныя клопаты — як перазiмаваць у пустой вёсцы. Нядаўна апошняя суседка з’ехала.
Марыя Аляксееўна нарадзiлася ў суседняй Абiдаўцы (цяпер Атраднае), у 1960 годзе выйшла замуж за Івана i засталася з iм у Манголii. Нарадзiла двое дзяцей, працавала «на пахадзяшчых», гэта значыць паляводам. Адкуль у населенага пункта гэткае дзiўнае iмя, яна не ведае, але ўпэўнена сцвярджае, што на яе памяцi нiякiя манголы ў вёсцы не жылi. «Мы такiя самыя беларусы, як i ўсё навокал, — кажа Марыя i згадвае адзiн забаўны выпадак. — Ляжала неяк у бальнiцы, суседка па ложку запыталася, адкуль я прыехала, адказваю абсалютна спакойна, што з Манголii. У той ад здзiўлення ажно мову адняло, толькi i спытала: «А як вы ў Беларусь патрапiлi?»
Шкада, што век у Манголii зусiм кароткi — пакуль жыве ў ёй Марыя.
«Як вы думаеце, цi дадуць мне кватэру ў Сянно, калi пайду да старшынi райвыканкама? — запытала на ўсялякi выпадак Марыя Аляксееўна. — Хiба можна аднаму ў вёсцы заставацца?».