Пад Мінскам здзейсніў аварыйную пасадку верталёт з членамі камісіі МАК па расследаванні абставінаў катастрофы ВАe‑125‑800 Hawker. Гэта ўжо пяты за няпоўныя два тыдні інцыдэнт з авіятэхнікай у Беларусі.

Пад Мінскам 4 лістапада здзейсніў аварыйную пасадку верталёт з членамі камісіі Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта (МАК) па расследаванні акалічнасцяў катастрофы самалёта ВАe‑125‑800 Hawker, якая адбылася 26 кастрычніка.

Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі, 4 лістапада ў Мінскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце ад кіраўніка палётамі РУП «Белаэранавігацыя» паступіла паведамленне, што ў 16:08 ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» абвешчана аварыйная трывога. Прычына — вымушаная пасадка верталёта КА‑26, які належыць ТАА «Холикоптер». Верталёт аблятаў месца падзення паветранага судна расійскай авіякампаніі «С‑Эйр» калі ў яго адбылося падзенне ціску масла ў рухавіку.

У 16:09 верталёт шчасліва сеў на поле ля пасёлка Сокал. Пацярпелых няма. На борце верталёта знаходзіўся адзін член экіпажа, дырэктар ТАА «Холикоптер», і тры члены камісіі МАК: начальнік аддзела па расследаванні авіяцыйных здарэнняў (РФ), інжынер інспекцыі па бяспецы палётаў Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі і старшыня беларускай лекарска‑лётнай экспертызы, паведамляе БелаПАН.

***

Гэта ўжо пяты інцыядэнт з авіятэхнікай у Беларусі за два няпоўныя тыдні.

23 кастрычніка прыватны амерыканскі самалёт Falcon 2000, што выконваў чартэрны рэйс па маршруце Масква — Мінск, здзейсніў аварыйную пасадку ў пункце прызначэння — аэрапорце «Мінск‑1». Пры ўзлёце з аэрапорта Дамадзедава не зачынілася створка шасі. На борце знаходзіліся сямёра пасажыраў і тры члены экіпажу. Пацярпелых няма.

26 кастрычніка непадалёк ад Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» разбіўся самалёт расійскай авіякампаніі «С‑Эйр» з двума пасажырамі (у тым ліку кіраўнік авіякампаніі) і трыма членамі экіпажу.

29 кастрычніка ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» здзейсніў аварыйную пасадку самалёт бізнес‑класа Cessna 56X нямецкай авіякампаніі Windrose Air, які ляцеў з Варшавы ў маскоўскі аэрапорт Унукава. На борце знаходзіліся чатыры пасажыры (грамадзяне Польшчы) і тры члены экіпажу (грамадзяне Германіі). У 20.35 аварыйныя службы аэрапорту былі ўзнятыя па трывозе ў сувязі з разгерметэзацыяй салона. Вымушаная пасадка была паспяхова здзейснена ў 20:52.

31 кастрычніка за 200 метраў ад беларуска‑польскай мяжы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці разбіўся верталёт польскіх памежнікаў. Усе трое членаў экіпажу загінулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0