Яраслаў Сцешык.

Яраслаў Сцешык.

«Юныя, гарачыя валанцёры бясстрашна клаліся пад калёсы раўнадушных грэйдзераў, якія пашыралі дарогу, карыслівыя палітычныя правадыры ўзначальвалі калоны і прамаўлялі палымяныя словы, мясцовыя жыхары ладзілі пад соснамі пікнікі, энергічныя дзевалаперы ўладкоўваліся пад шумок узвесці ў «жывапісным месцы» (у Курапатах!) выкшталцоныя вілы для багатых. Глупыя і нячулыя падлеткі з наваколля раскопвалі магілы і ламалі усталяваныя добраахвотнікамі памятныя крыжы», — і за гэтым усім «моўчкі назірала мясцовая ўлада». Гэтак пра вахту моладзі па абароне Курапатаў у 2001—2002 гг. напісала лукашэнкаўская газета.

Што думае пра гэта адзін з удзельнікаў вахты ў Курапатах — Яраслаў Сцешык?

Наша Ніва: Сёлета напярэдадні Дзядоў улады нечакана павярнуліся тварам да Курапатаў. Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» асабіста напісаў вялізны артыкул пра ўрочышча пад Мінскам, назваўшы абаронцаў Курапатаў, «юнымі, гарачымі валанцёрамі, што бясстрашна клаліся пад калёсы раўнадушных грэйдзераў». Ты быў адным з тых юных і гарачых. Якія пачуцці ў цябе выклікаў той артыкул?

Яраслаў Сцешык: Артыкул не чытаў, але азнаёміўся з пераказам і каментарамі на сайтах. З аднаго боку крыўдна, што сітуацыя змянілася толькі цяпер. Гэта мусіла адбыцца значна раней, да 2001 году, калі праз урочышча клалі дарогу. Але тады ва ўладаў былі іншыя задачы — у пашырэнне кальцавой уклалі вялікія грошы. Цяпер жа, як падаецца, улады спрабуюць разыграць празаходнюю карту. Калі так, то такі наступ на савецкую спадчыну здаецца цалкам натуральным.

НН: То бок, ты не верыш у шчырасць тых, хто сёння, як на загад, кардынальна змяніў стаўленне да праблемы?

ЯС: Так, не веру. Але матывы гэтых зменаў мяне мала абыходзяць, важны вынік, эфект. «СБ» надрукавала даволі аб'ёмны артыкул пра Курапаты, дзякуючы чаму вялікая колькасць незнаёмых з праблемай людзей даведалася праўду пра гэтае месца. Пра тое, што там расстрэльвала менавіта НКВД, а не немцы. І гэта надзвычай важна. Спадзяюся, што такі паварот дапаможа выправіць сітуацыю з вандаламі і аматарамі адпачыць на прыродзе.

НН: Ад артыкулу ў «СБ» патыхае палітыкай. А як табе воклічы «Жыве Беларусь» у пераходзе пад кальцавой ды партыйная сімволіка на жалобным шэсці?

ЯС: Асабіста я не прымаю палітыкі на могілках. У 2001 годзе ў часе вахты мы паводзілі сябе ў Курапатах, як і належыць сябе весці на могілках — не спявалі, не весяліліся. Мне здаецца часам, што ўдзельнікі штогадовых дзядоўскіх шэсцяў проста не разумеюць, што партыйнымі сцягамі і палымянымі прамовамі пра маскалёў яны адштурхоўваюць звычайных грамадзянаў. Тым не менш, КХП‑БНФ ды іншыя робяць вельмі шмат карыснага ва ўрочышчы: талокі, абнаўленне крыжоў, патруляванне, інфармаванне.

НН: Цяпер ты не валанцёр і не актывіст. Ты журналіст. Ці змяніла гэта тваё стаўленне да Курапатаў? Што адчуваеш, калі прыходзіш сюды з камерай, а не са сцягам?

ЯС: Стаўленне засталося ранейшае — я шаную гэтае места, як месца масавага катавання сваіх суайчыннікаў. Як журналіст, мушу быць па‑над падзеяй, але я прыходжу сюды ў іншыя дні, удзельнічаю ў прыборцы тэрыторыі і г.д.

НН: Калі сітуацыя ізноў зменіцца і Курапаты зноў апынуцца ў небяспецы, што будзеш рабіць?

ЯС: Вельмі спадзяюся, што сітуацыя ўсё ж зменіцца да лепшага і Курапаты нарэшце пакінуць у спакоі. Як журналіст, буду спрыяць гэтаму, наколькі толькі магчыма.

Гутарыў Сямён Печанко

* * *

Яраслаў Сцешык, нарадзіўся ў 1981 г. у Салігорску. У 2001 г. удзельнічаў у вахце ў Курапатах. Двойчы быў затрыманы, двойчы атрымліваў штраф. Быў збіты міліцыянтамі ў часе ліквідацыі намётавага мястэчка ў Курапатах. На сёння працуе журналістам, палітычнай дзейнасцю не займаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0