Прадстаўнікі незарэгістраванай Нацыянал-бальшавіцкай партыі Лімонава 7 лістапада ўсклалі кветкі да помніка Феліксу Дзяржынскаму ў Мінску, размешчанага ў скверы насупраць будынка КДБ.

У акцыі, прымеркаванай да 92-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, удзельнічала каля 20 чалавек.

Адзін з прадстаўнікоў арганізацыі Дзмітрый Сіняк у ходзе цырымоніі назваў рэвалюцыю «вялікай прагрэсіўнай падзеяй, якая змяніла ўвесь ход гісторыі чалавецтва». Паводле яго слоў, рэвалюцыя «выратавала краіну (Расію) ад катастрофы». «Рэвалюцыя паўплывала не толькі на змену капіталістычнага ладу, але і мастацтва, навуку. Маякоўскі, Гагарын, запуск першага спадарожніка — гэта ўсё дасягненні вялікай рэвалюцыі», — сказаў прадстаўнік арганізацыі.

Дзяржынскага ён назваў «вялікім рэвалюцыянерам» і дзяржаўным дзеячам, які на чале з групай бальшавікоў захапіў паштамт».

Акцыя доўжылася некалькі хвілін. Міліцыя назірала за ёю з боку, здымаючы ўсё на відэакамеру, але ў ход цырымоніі не ўмешвалася.

Затым нацыянал-бальшавікі прайшлі да плошчы Перамогі, дзе правялі невялікі мітынг ля Вечнага агню.

Паводле слоў прадстаўнікоў партыі,

у Беларусі ў арганізацыю ўваходзяць каля 200 чалавек, з якіх 50 — жыхары Мінска.
Нацыянал-бальшавікі запэўніваюць, што чатыры разы спрабавалі прайсці працэдуру афіцыйнай рэгістрацыі. Апошні раз, у чэрвені 2009 года, яны спрабавалі падаць дакументы на рэгістрацыю грамадскай арганізацыі «Новая бальшавіцкая платформа».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?