9 лістапада ў першай палове дня карэспандэнт БелаПАН абзваніў шэраг медустаноў, каб даведацца, дзе можна зрабіць прышчэпку ад грыпу.

У большасці гарадскіх паліклінік прышчэпкі за кошт грамадзян не робяць з‑за таго, што не хапае вакцын.

Жыхарам Мінска прапануецца зрабіць бясплатную вакцынацыю ў паліклініках па прапісцы, але для гэтага неабходна папярэдне звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта.

У камерцыйных медцэнтрах Мінска — «Нардын», «Экамедсервіс», «Ладэ» — прышчэпкі прыватным асобам не робяць з‑за адсутнасці вакцыны.

У гарадской службе БелаПАН патлумачылі, што наяўнасць вакцын у камерцыйных цэнтрах не мае ніякіх адносін да арганізацыі дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя і залежыць выключна ад іх супрацоўніцтва з пастаўшчыкамі.

У сваю чаргу, намеснік гендырэктара «Экамедсервіса» Андрэй Сяргееў паведаміў, што ў цяперашні час «ёсць напружанасць з пастаўкамі вакцын «Інфлювак» (Бельгія) і «Ваксігрып» (Францыя)». «Гэта звязана не з тым, што мы не можам ці не хочам іх набыць, а з тым, што ўся колькасць вакцын, якая паступае ў Беларусь, заканчваецца вельмі хутка», — патлумачыў ён.

Паводле слоў Сяргеева, штогод колькасць людзей, якія жадаюць зрабіць прышчэпку, павялічваецца, таму « пастаўшчыкам цяжка спрагназаваць, якую колькасць вакцын неабходна закупіць». Але як толькі вакцына трапляе на склад цэнтра, праводзіцца вакцынацыя як прыватных асоб, так і карпаратыўных кліентаў, у першую чаргу са спісу ў лісце чакання, сцвярджае намеснік гендырэктара.

Паводле звестак санслужбы сталіцы, прышчэпкі супраць грыпу зрабілі каля 100 тысяч мінчан: каля 5 тысяч чалавек — за кошт уласных сродкаў, 35 тысяч — за кошт сродкаў арганізацый і устаноў. Вакцынацыя ажыццяўлялася ў асноўным з выкарыстаннем жывой грыпознай вакцыны (краіна‑вытворца — Расія) і вакцыны «Флюарыкс» (Германія), закупленых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Нагадаем, у канцы мінулага тыдня старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Піневіч падчас онлайн‑канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі заклікаў мінчан рабіць прышчэпкі ад грыпу, паколькі чакаецца другі ўздым захворванняў на грып і ВРВІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?