Арганізатарам Беларускага еўрапейскага форума прапанавана паўторна падаць заяўкі на прадастаўленне памяшканняў для яго правядзення.

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду» Віктар Карняенка.

Паводле слоў Карняенкі, перамовы ў Мінгарвыканкаме 9 лістапада, у якіх акрамя яго узяў удзел яшчэ адзін намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Юрый Губарэвіч, вынікаў не далі. «Нам было прапанавана паўторна падаць заяўкі ў тыя установы, дзе ёсць магчымасць прыняць больш за тысячу чалавек.

Гэта Палац Рэспублікі, Палац спорту, кінатэатр «Кастрычнік».

Здавалася б, чыноўнікі Мінгарвыканкама настроены пазітыўна і гатовыя да супрацоўніцтва. Аднак іх паводзіны выклікаюць пэўнае здзіўленне», — сказаў Карняенка.

Як адзначыў палітык, заяўкі на даванне памяшкання для правядзення Беларускага еўрапейскага форуму дасылаліся яшчэ ў верасні, але на ўсе заяўкі былі адмоўныя адказы. «Акрамя таго, мы гаварылі пра тое, што гатовыя разгледзець і іншыя варыянты, якія больш зручныя для Мінгарвыканкама, аднак альтэрнатыўных варыянтаў нам прапанавана не было», — адзначыў Карняенка.

«Калі б у нас быў нармальны дыялог з уладамі, мы маглі б яшчэ ў верасні скарэктаваць дату правядзення форуму.

Зараз гэта ўжо немагчыма, бо разасланыя запрашэнні на форум еўрадэпутатам, палітыкам, нашым замежным партнёрам. Таму форум павінен прайсці 14 лістапада», — сказаў Карняенка.

«Мы не шукаем скандалу. Мы імкнемся вырашыць штучна створаную праблему, прычым створаную не намі. Але калі мы не знойдзем памяшкання, то вымушаны будзем праводзіць форум на вуліцы, напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы Мінска», — заявіў Карняенка.

Ініцыятарамі правядзення Беларускага еўрапейскага форуму і заснавальнікамі аргкамітэта выступілі рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Малады фронт» (Чэхія), а таксама іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Старшынёй аргкамітэта па правядзенні форуму абраны лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Форум плануецца правесці 14 лістапада ў Мінску.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0