У Магілёўскай абласной бальніцы памерла жанчына, у якой медыкі выявілі двухбаковую пнеўманію. Дактары не выключаюць, што гэта наступствы захворвання на грып.

Жанчына працавала медыкам. У Горацкай раённай бальніцы факт смерці прызналі. «Тое, што яна памерла, — праўда. Дыягназ — двухбаковая пнеўманія. Вынікі абследавання яшчэ не гатовыя. Яно будзе праводзіцца на базе абласной бальніцы», — паведаміў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік лячэбнай установы.

Як удалося высветліць, жанчыну даставілі ў цяжкім стане ў Магілёўскую абласную бальніцу на пачатку мінулага тыдня.

Ці выявілі ў нябожчыцы наяўнасць гэтак званага свінога грыпу? Медыкі пакуль выказваюцца наконт гэтага стрымана.

«Памерла яна ад пнеўманіі. Гэта з’яўляецца ўскладненнем грыпу. Аднак дыягназ гэты патрабуе яшчэ ўдакладнення, то бок пакуль робяцца сералагічныя рэакцыі. Ёй пакуль выстаўлены грып А. Таму трэба пачакаць дзень‑два, каб удакладніць усё гэта», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі медыцынскай установы.

У Горацкім раёне дзеці не ходзяць у школу, хоць канікулы скончыліся два тыдні таму. Не вучацца і студэнты тутэйшай сельскагаспадарчай акадэміі.

«Рэктарат у мэтах прафілактыкі сваім загадам прыпыніў навучальны працэс да серады», — паведамілі ў горацкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Паводле слоў супрацоўніцы цэнтра, у Горках назіраецца рост захворвання на ВРВІ і грып.

З супрацьгрыпознымі прэпаратамі сітуацыя ў райцэнтры такая ж, як і паўсюль. Іх няма
.

«Людзі нават перад адкрыццём займаюць чэргі. У адной аптэцы мне сказалі, што прыйшла машына. Літаральна ўсё за пару дзён раскупілі. Маскі пастаянна людзі шукаюць, імунамадулятары, імунастымулятары — усё такое рознае. Людзі не надта вераць таму, што ім кажуць афіцыйна. Чым больш супакойваюць, тым больш чалавек натапырваецца», — кажа жыхарка Горак Галіна.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 7 лістапада на грып у рэгіёне хварэлі 4.776 чалавек, амаль палова з іх — дзеці да 17 гадоў. На каранцін закрыты школы не толькі ў Горацкім раёне, але і ў Магілёве, Бабруйску, Мсціславе, Магілёўскім і Клімавіцкім раёнах. Асобныя класы не вучацца на Шклоўшчыне і Кругляншчыне. Усяго ў рэгіёне не працуюць 154 школы. Прыпынены заняткі ў Магілёўскім універсітэце і Інстытуце правазнаўства. Закрыта і 15 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?