Пра гэта паведаміў намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Камянко.
Паводле звестак Міністэрства па падатках і зборах, каля 30% прыватных кампаній сталіцы плацяць заробак, ніжэйшы за два бюджэты пражытковага мінімуму (адзін БПМ на сёння складае 250 тыс.). Намеснік міністра пэўны, што ў такіх выпадках асноўны заробак плаціцца нелегальна, у «канвертах».
Такім чынам фірмы сыходзяць ад падаткаў. У фонд сацыяльнай абароны ў Беларусі адлічваецца аж 35% ад фонду зарплаты.
Падаткавікі распачалі вялікую кампанію аналізу даходаў і расходаў супрацоўнікаў такіх фірмаў. Калі расходы перавышаюць заробкі, дык за розніцу спаганяюць падатак і налічваюць штрафы.
Сумы спагнанняў пакуль невялікія. У 2008 годзе, тыя, хто не змог патлумачыць перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі, даплацілі усяго толькі 1 мільярд падаходнага падатку. Сёлета рост даналічаных сумаў склаў 70%, амаль да 2 мільярдаў.
На Захадзе кантроль за супадзеннем афіцыйных даходаў з выдаткамі яшчэ стражэйшы. Там падаткавікі злічаюць нават самыя нязначныя выдаткі. На сёння такое ў Беларусі немагчыма, бо зашмат людзей залежаць ад даходаў з базару, зямлі, лесу, якія немагчыма ўлічыць. Аднак па меры росту дабрабыту падатковыя патрабаванні будуць узрастаць і ў нашай краіне.
Каб наймальнікі не сыходзілі ад падаткаў, дзяржава павінна будзе знізіць падатковую нагрузку на заробкі. На сёння прадпрыемства сплачвае ў якасці падаткаў 40% звыш сумы заробку.