Па выніках студзеня—кастрычніка 2009 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 1% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У студзені—верасні ВУП зменшыўся на 0,3%, у студзені—жніўні — на 0,5%. Дагэтуль з пачатку года афіцыйна фіксаваўся невялікі рост: у студзені — на 2,6%, студзені—лютым — на 1,2%, студзені—сакавіку — на 1,1%, студзені—красавіку — на 1,2%, студзені—маі — на 1,4%, студзені—чэрвені — на 0,3%, студзені—ліпені — на 0,4%.

Згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2009 годзе чакаўся прырост ВУП на 10—12%.

Аб'ём прамысловай вытворчасці ў студзені—кастрычніку скараціўся да ўзроўню аналагічнага леташняга перыяду на 4,5% (у студзені—верасні — таксама на 4,5%; гадавы прагноз — рост на 10—12%), вытворчасць спажывецкіх тавараў — на 0,9% (0,6%; рост на 12—13%). Пры гэтым выпуск харчовых тавараў павялічыўся на 4,9% (5,2%; 12—13%), нехарчовых — знізіўся на 7,6% (7,4%; рост на 11,5—12,5%).

Выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый уласнасці за дзевяць месяцаў гэтага года павялічыўся на 1,1% (2,4%; 8,5—9,5%). Пры гэтым зафіксавана падзенне вытворчасці бульбы (на 23,7%), агародніны адкрытага грунту (на 15,9%), цукровых буракоў (на 2,3%). Узрасла рэалізацыя жывёлы і птушкі на зарэз у жывой вазе (на 12,2%), вытворчасць малака (на 8,5%) і яек (на 4,5%).

Аб'ём інвестыцый у асноўны капітал узрос на 13,1% (14,5%; 23—25%). Уведзена ў эксплуатацыю 4 млн. 728,7 тыс. кв. м жылля, або на 15,6% больш.

Перавозкі грузаў скараціліся на 4,3% (у студзені—верасні — на 5,9%). Рознічны тавараабарот узрос на 2,6% (2,6%; прагноз на год — 16—17%).

Спажывецкія цэны павялічыліся ў кастрычніку на 0,4%, з пачатку года — на 8,3% (гадавы прагноз — 9—11%).

Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на 1 лістапада склала 41,4 тыс. чалавек (0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва).

Пры гэтым паводле звестак Белстату дэфлятар — індэкс інфляцыі, з дапамогай якога вылічваецца ВУП, — апусціўся з 20% у 2008 годзе да 6% сёлета. У незалежных эканамістаў менавіта гэтая лічба выклікае недавер. Пры дэфлятары 20% падзенне ВУП аказалася б роўным 15%.

МБ; паводле інф. БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0