24 жніўня адбудзецца адкрыцьцё фотавыставы «За свабоду й Незалежнасьць» – дакумэнтальнай фотакронікі падзеяў вясны 2006 г.

Фотавыстава мае на мэце узнавіць падзеі вясны 2006 году зь яе насычанай выбарчай кампаніяй, выбарамі, Плошчай, акцыямі пратэсту. Выстава складзеная са здымкаў фатографаў і фотамастакоў, якія былі самімі ўдзельнікамі падзеяў: Вікторыі Баранавай, Івана Голуба, Макса Жарына, Марата Сеттарова, Тацяны Гаўрыльчык, Юліі Дарашкевіч, Сяргея Коваса, Сяргея Серабро, Яўгена Законьнікава, Ігар Крашэўскага й інш.

Фатаграфіі згрупаваныя на вялікіх аркушах, кожны зь якіх паказвае той ці іншы аспэкт вясновага змаганьня: сустрэчы выбарнікаў з Аляксандрам Мілінкевічам, 19 сакавіка – дзень выбараў прэзыдэнта, 20 сакавіка – масавая акцыя пратэсту, намётавае мястэчка, 25 сакавіка – дзень Незалежнасьці, які скончыўся крывавым зьбіцьцём мірных дэманстрантаў, 26 красавіка – Чарнобыльскі шлях, 1 траўня – акцыя «За справядлівасьць».

У адкрыцьці выставы прыме ўдзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, іншыя палітыкі. Пераможца фотаконкурсу-акцыі «Мой выбар» на сайце Plenka.net атрымае каштоўныя ўзнагароды.

Адкрыцьцё фотавыставы «За Свабоду й Незалежнасьць» пройдзе 24 жніўня ў 18:30 на Сядзібе Партыі БНФ і стане пачаткам восеньскай кампаніі аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Партыя БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0