Генеральная пракуратура папярэдзіла групу «Дзядоў Марозаў» пра магчымае прыцягванне да адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

«У выпадку ўстанаўлення звестак аб сістэмным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасці», ‑ паведамляецца ў лісце Генеральнай пракуратуры за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за захаваннем правоў і свабодаў грамадзянаў П.У. Радыёнава.

Нагадаем, у кастрычніку група Дзядоў Марозаў добраахвотна здалася ў Генеральную пракуратуру.

Удзельнікі хэпенінгу аднеслі заяву, у якой не толькі прызналіся ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага перыяду,

але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе».

Маўляў, штогод Дзяды Марозы «арганізоўваюць святкаванні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджваюць калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаюць на сходах, у сродках масавай інфармацыі з віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі».

Юрыст незарэгістраванай Асамблеі НДА Юрый Чавусаў зазначае, што ў сваім лісце пракуратура не звярнула ўвагу на яўку з павіннай Дзядоў Марозаў.

«Па сутнасці, мы тут бачым простае выкладанне нормаў беларускага заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях. На мой погляд, пракуратура вырашыла не разглядаць прававую сітуацыю, якая паўстала ў выніку гэткай дэманстрацыі абсурднасці артыкула 193‑1.

З іншага боку, — мяркуе юрыст, — пракуратура адзначае, што пры наяўнасці сістэмнага і арганізаванага супрацоўніцтва грамадзянаў у незарэгістраваных арганізацыях праваахоўныя органы могуць прыцягнуць гэтых людзей да адказнасці. Так што з фармальнага пункту гледжання пытанне аб крымінальнай адказнасці Дзедаў Марозаў напэўна зноў паўстане бліжэй да Новага Году». Па артыкуле 193.1 («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасці») за 4 гады было асуджана 17 чалавек. Артыкул працягвае дзейнічаць.

 Мінск, 15 кастрычніка 2009.

Мінск, 15 кастрычніка 2009.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?