14 лістапада (субота) пройдзе «Еўрапейскі форум» — вялікі збор прыхільнікаў Мілінкевіча.

Ён распачнецца ад 10.00 у ДК Мінскага аўтамабільнага завода. Дэлегатамі вылучаныя больш за 1200 чалавек. Чакаецца прыезд замежных гасцей з Еўрапарламента, Еўрапейскай Народнай Партыі, парламентаў Польшчы і Літвы.

Пакуль не да канца ясныя мэты, якіх хочуць дасягнуць на Форуме. «Мерапрыемства праводзіцца, каб ацаніць нашы людскія рэсурсы, стан, перспектывы. У канцы форуму будзе прынятая рэзалюцыя і план далейшых дзеянняў. Напрыканцы мяркуецца выніковы выступ Аляксандра Мілінкевіча», — кажа намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Губарэвіч падкрэслівае, што ніякіх пастановаў адносна бліжэйшых выбараў прымацца не будзе.

«Мы хочам правесці трошку шырэйшае, чым чыста палітычнае мерапрыемства. Будуць працаваць тры секцыі на тэму палітыкі, эканомікі і грамадства».

Сам Мілінкевіч яшчэ не пэўны, ці будзе ўдзельнічаць у наступных выбарах.

Форум пройдзе напярэдадні рашэння Еўрасаюза аб падаўжэнні ці прыпыненні санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Яно будзе прымацца 17 лістапада ў Бруселі. Таму зрываць працу мерапрыемства, як лічыцца, нявыгадна для ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?