Група апазіцыйных палітыкаў 16—17 лістапада знаходзіцца з візітам у Бруселі, паведаміў намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карняенка.

У складзе дэлегацыі — старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, яго намеснік Юрый Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, дэпутат Вярхоўнага савета XIII склікання Андрэй Клімаў.

Запланаваны сустрэчы беларускіх палітыкаў са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузекам і кіраўніком парламенцкай дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэкам Пратасевічам, а таксама з прадстаўнікамі Еўракамісіі.

«На сустрэчах будзе абмяркоўвацца прынятая на Беларускім еўрапейскім форуме праграма дзеянняў», — зазначыў Карняенка.

Як раней паведамляся, 17 лістапада на пасяджэнні міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі плануецца разгледзець пытанне аб візавых санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Апрача таго, гэтымі днямі ў Бруселі праходзіць Форум грамадзянскай супольнасці ў межах ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», у працы якога бяруць удзел прадстаўнікі 27 няўрадавых арганізацый Беларусі.

У прыватнасці, для ўдзелу ў форуме ў Бруселі знаходзяцца прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт», Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў, шэрагу экалагічных арганізацый, а таксама прафсаюзаў, у тым ліку старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?