Ёсць такі цікавы глыбоцкі хлопец Віця, якога на рынку можна сустрэць побач з шыльдай «Куплю ўсялякую непатрэбную вам рэч». І нясуць яму бабулькі «ўсялякую непатрэбную ім рэч». Хто прас, а хто і самавар.

Часта ў нас адбываюцца дыскусіі аб каштоўнасці той альбо іншай «непатрэбнай камусьці рэчы».

Раз Віця сказаў, што ў яго ёсць сшытак з малюнкамі самога Язэпа Драздовіча. Запрасіў дадому паглядзець і ацаніць каштоўнасць знаходкі.

Сшытак з малюнкамі адносіцца да 1930‑х. Пра тое сведчаць каляровыя алоўкавыя малюнкі польскага сцяга — бела‑чырвонага. Ёсць відарысы вайсковых баталіяў: танкі, гарматы, жаўнеры ў канфедэратках. Аднак малюнкі яўна — дзіцячыя. Шмат тут і добрай графікі тушшу, выкананай ужо дарослым чалавекам. Партрэты, краявіды, архітэктурныя помнікі, сярод якіх і Вострая Брама ў Вільні… Перасыпаныя старонкі сшытка вершамі то на польскай, то на расійскай мовах.

— Гэта — не Драздовіч! Драздовіч — беларускі нацыяналіст. Не мог ён, прынцыпова, пісаць вершы на польскай і расійскай мовах! Да таго ж, пад графічнымі малюнкамі, яўна, чытаецца аўтограф — Duliniec,— выказаў аўтар сваё меркаванне.

— Не! Гэта — Драздовіч,— не згаджаецца Віця. — Мне «спецы» казалі.

Можа, Віктар хвілінаў праз дзесяць і пераканаў бы аўтара гэтых радкоў, што тое ёсць Драздовіч. Аднак у нашую спрэчку ўвязаўся цесць Віктара — Канстанцін Пяткевіч.

— Драздовіча я памятаю!

— Неімаверна! Вы бачылі Драздовіча! Дык распавядзіце.

— Жылі мы ў Сасноўцы, гэта побач з Залессем. Ён хадзіў па хатах — ад вёскі да вёскі. У маіх бацькоў начаваў, — кажа Канстанцін Пяткевіч. — Вось за начлег і харчаванне — у якасці платы — маляваў гэтыя дываны. У бабулек прыпеўкі і песні збіраў ды запісваў… Не кожны гаспадар пускаў яго ў хату… Шмат хто лічыў, што ў яго не ўсё з галавой у парадку. А ў маіх бацькоў заўсёды быў прытулак для ўсіх: і жабракам, і Драздовічу таксама.

Свой подпіс «Я. Драздовіч» на карцінах (дыванах) ён ставіў да вайны, пры паляках. Пры саветах ужо не ставіў. Яму забаранілі вось так проста хадзіць па вёсках і маляваць. Сказалі, трэба плаціць падаткі.

Між тым, свае работы ён усё ж адзначаў ініцыяламі «Я.Н.» (Язэп Нарцызавіч). Фактычна, хаваў аўтарства. Тады ж усіх абкладалі падаткам за ўсялякую дзейнасць.

У Драздовіча не было ж ніякай майстэрні. Сёння малюе ў адной хаце, заўтра ў іншай. Падаткавікі ж таксама хадзілі па вёсках, шукалі ягоныя маляваныя дываны, каб абкласці падаткам. Знаходзілі іх, але там не было подпісу «Я. Драздовіч». Дый які падатак мог заплаціць жабрак Драздовіч! Маляваў за ежу і начны прытулак…

Наконт гэтага сшытка з малюнкамі… Мог жа Драздовіч заначаваць у Дулінцоў, — працягвае Канстанцін Пяткевіч. — Пакінуў малюнак‑другі… А потым у гэтым сшытку з’явіліся вершы і графічныя малюнкі самога Дулінца ды алоўкавыя малюнкі ягонага сына. Магло ж і такое быць?

Я папрасіў пракаментаваць вышэйзгаданыя малюнкі Юрыя Калбасіча, настаўніка Глыбоцкай СШ №2, які скончыў «худграф».

— Гэта — не Драздовіч!— сцвярджае Юрый. — Партрэты сведчаць, што мастак слаба яшчэ ведае анатомію чалавека. Зрэшты, усё гэта можа быць перамалёўкамі з польскіх кніжак 1930‑х. Тады ў кнігах было шмат графікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?