У пералік мінскіх могілак, на якіх адбыліся каталіцкія набажэнствы на Дзяды, зноў не трапілі Курапаты. Ксяндзы, відаць, баяцца маліцца на месцы, дзе ляжаць парэшткі закатаваных беларусаў, з якіх тысячы каталіцкіх вернікаў, ды, мабыць, і ксяндзоў.

Польскія каталікі нядаўна адзначылі 25‑ю гадавіну забойства ксяндза Ежы Папялушкі, якога ў 1984 годзе камуністычныя спецслужбы знішчылі за правядзенне ў Варшаве імшаў за Айчыну. Ужо некалькі гадоў ідзе беатыфікацыйны працэс ксяндза‑пакутніка. Беларускі партал Catholic.by абышоў гэтую дату маўчаннем, а ксяндзы наадрэз адмовіліся каментаваць «Белсату» гэтую трагедыю. Маўляў, гэта не мае дачынення да сённяшняй Беларусі.

Мае, яшчэ як мае. Сумленне і памяць, а не палітычная кан’юнктура мусяць вызначаць, дзе і за каго трэба маліцца. Кс. Ежы Папялушка рабіў гэта непахісна і з поўнай адвагай і заплаціў сваім жыццём. У нас бы так не было. Па ўказцы рэжыму каталіцкія іерархі самі паставілі б на месца любога ксяндза ў абмен на абяцанкі запрасіць Папу ды туманны прывід канкардату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?