— кажа Уладзімір Някляеў. А яшчэ ён зазначае, што «больш дэзерціраў з наменклатуры не будзе, бо Лукашэнка ўзаконіў прыбыткі чыноўнікаў». З пісьменнікам гутарыць Зміцер Панкавец.

 Уладзімір Някляеў, фота Анатоля Клешчука.

Уладзімір Някляеў, фота Анатоля Клешчука.

«Наша Ніва»: Апошнім часам было шмат размоваў, што Вы можаце стаць магчымым кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Сапраўды, збіраецеся ўдзельнічаць?

Уладзімір Някляеў: Была група людзей, якая мела да мяне падобную прапанову. Але я адразу адмовіўся, бо не мая гэта справа ва ўсіх сэнсах. Не мая, бо мая — гэта літаратура, дзякуй Богу, што хоць цяпер гэта зразумеў, а не прэзідэнцтва ці нейкае іншае начальніцтва. Па‑другое, не бачу ніякай патрэбы асабіста ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Я не з’яўляюся той асобай, якая б выглядала мацней за цяперашніх палітыкаў. Ну, я, можа, магу грамчэй за іншых сказаць, больш імпульсіўна выступіць, але гэта нічога не азначае. Рыхтуецца ўдзельнічаць Мілінкевіч. І дарма ён кажа, што яшчэ не вызначыўся са сваім удзелам. Не трэба блытаць людзей. Сваімі развагамі ты ўжо некалькіх людзей адштурхнуў ад сябе. Мілінкевіч не знаходзіцца ў сітуацыі Лукашэнкі і не можа сабе дазволіць казаць, што ён так наеўся ўлады, што ванітаваць хочацца.

«НН»: А ўвогуле як паставіліся да стварэння «Беларускага незалежніцкага блока»?

УН: Чамусьці ўсе накінуліся на гэтых хлопцаў, а я не разумею чаму. Вось былы старшыня БНФ крычыць, што яны здраднікі, але я не бачу прычын выказваць такія моцныя эпітэты. У тым ці іншым фармаце, але гэта б усё адно адбылося б. Дык лепш у гэтым. Мой сябрук Баршчэўскі, стаўшы лідэрам партыі, увесь час спрабаваў сябе выявіць як моцная асоба. Палохаў там усіх, некага выганяў. У выніку каго выгналі?

«НН»: Міхалевіча.

УН: А цяпер каго? Яго самога выгналі. А Мілінкевіча хто‑небудзь выгнаў? Не. А ён нікога і не пужаў. З гэтага можна зрабіць выснову, што Мілінкевіч больш моцны палітык за Баршчэўскага. Мілінкевіч насамрэч не слабак, гэта вонкава ён выглядае на нейкага інтэлігенціка. Тыя ж падзеі ў БНФ, хай Лявон не крыўдуе, але вядуць да лепшага. БНБ надта неаднародная кампанія, але яны разам. І ў значнай ступені таму, што Мілінкевіч няслабая палітычная фігура. Гэта ягонымі сіламі аб’яднаная прагматычная моладзь.

«НН»: І як Вам гэтая моладзь?

УН: Гэта не рамантыкі часоў Зянона Пазняка. Гэта людзі, якія ведаюць, чаму яны ў палітыцы і што ад яе яны хочуць. Яны хочуць праз гэта нешта мець. Гэта раней гаварылі: «Як толькі я пабачу Беларусь пад бел‑чырвона‑белым сцягам, дык адразу памру». У мяне спадзяванні на гэтую функцыянальную моладзь. Дзякуючы ім, у нас можа з’явіцца рацыянальная надзея, а не рамантычная. І хвароба росту, і змены людзей, і ратацыя ў кіраўніцтве апазіцыі — гэта абсалютна неабходныя рэчы. Моладзь лепш адукаваная, лепш арганізаваная і лепш за нас усведамляе, чаго канкрэтна яна хоча. Не абстрактнага для Радзімы, для космасу, а канкрэтна для сябе, для Мілінкевіча, для Янукевіча.

«НН»: Увогуле, з’яўленне кандыдата ў прэзідэнты з творчай інтэлігенцыі магчымае?

УН: Не. Усё, што магла зрабіць творчая інтэлігенцыя ў нацыянальным адраджэнні, яна зрабіла — Быкаў, Пазняк, Барадулін, мастакі. Тут спачатку нікога не было, апроч інтэлігенцыі. Палітыкі ўжо далучыліся пасля. Але час удзелу інтэлігенцыі ў палітычнай барацьбе прамінуў. Трэба гэта ясна разумець. Цяпер не павінна быць, як было ў нас. Вось я пайшоў, сцягам памахаў, нас трошку палкамі пабілі, а пасля прыйшоў дадому і пачаў вершы пісаць. Палітыка — гэта сістэмная праца, якая патрабуе аддачы такой самай, як і творчасць. Вось чаму Мілінкевіч выглядае лепш за іншых. Ён трымае і ў Руху «За Свабоду», і ў БНБ дысцыпліну. Ён не дае асабліва нікому спяваць тыя песні, якія нехта прыдумаў з вечара, а з раніцы новыя.

«НН»: Вам бы каго хацелася бачыць кандыдатам у прэзідэнты?

УН: Асабіста я б хацеў бачыць контркандыдатам Аляксандра Лукашэнкі Зянона Пазняка. Нічога больш вартага для сапраўднага тэатра асабіста я прыдумаць не магу. Магу сёння сказаць, што гэтыя выбары пройдуць так ціха, як ніводныя папярэднія. Ніякай надзеі не будзе. Мінулыя выбары ў нейкай ступені далі надзею таму, што там удзельнічала такая яркая асоба як Аляксандр Уладзіслававіч Казулін.

«НН»: А якая цяпер палітычная перспектыва ў Казуліна?

УН: Наўрад ён зараз пойдзе на выбары. Я думаю, што ён вельмі пакрыўджаны, і пакрыўджаны справядліва. Яму галаву адбівалі, у турму пасадзілі, а мы ўсё разбіралі, ці ён стаўленік Крамля, ці стаўленік Лукашэнкі. Ён дасягнуў прыняцця рашэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, чаго ніводны палітык не дамагаўся. Цяпер вось ён спрабуе арганізаваць такую простую рэч, як культурніцкі рух «Беларускі дом», і зноўку ўсе спрабуюць ставіць яму палкі ў колы. Яго здорава падкасіла нават не турма, а крыўда. У таго ж Андрэя Клімава таксама на вачах мяняецца псіхалогія. Клімаў сёння ўжо не пойдзе рабіць рэвалюцыю. І Казулін, і Клімаў прайшлі праз калонію, мы не можам іх папракаць, бо яны прайшлі праз гэта сваім хрыбтом і галавой. Гэта ўнікальныя людзі, але яны не з жалеза.

«НН»: А ці можа нехта кінуць выклік Лукашэнку з сённяшняй наменклатуры?

УН: Абсалютна беспадстаўныя чаканкі. Лукашэнка ўзаконіў прыбыткі чыноўнікаў. Ён сказаў: рабяты, хопіць мяне дурыць і ездзіць на Канары адпачываць праз Тулу, а бярыце свае грошы. Таму больш дэзерціраў з наменклатуры не будзе. Калі сёння я ва ўладзе і маю ад яе ўсё, што хачу, то навошта мне ад яе адколвацца? Няўжо можна сабе ўявіць, што нехта зараз адтуль рвецца ў апазіцыю? Не. Ёсць, канечне, рызыка, што можна трапіць у турму за нейкі хабар. Але галоўнае — слухаць бацьку, як спявае мой прыяцель Толя Ярмоленка.

«НН»: Кажаце, што шанцаў на перамогу пакуль няма, дык што рабіць у такой сітуацыі апазіцыі?

УН: А тое, што яна робіць — проста існаваць і быць апазіцыяй. А што яшчэ можна рабіць? Я не кажу, што ў нас апазіцыя лянотная. Па‑мойму, усё робіцца ёй у тых межах, у якіх гэта магчыма рабіць. У мяне прэтэнзій да дзейнасці апазіцыі няма. Вось цяпер мы бачым нейкі зрух у бок беларускай мовы. Што, без існавання апазіцыі хіба такое магло здарыцца? Каб мне хто сказаў, што ў выніку майго ўдзелу ў выбарах пачнецца беларусізацыя, то пайшоў бы заплюшчыўшы вочы.

«НН»: А вы верыце ў гэтую беларусізацыю, што нібыта пачынаецца?

УН: А чаму не! Лукашэнка бачыць, што націсканне на гэтыя кнопкі беларусізацыі выклікае такую нервознасць, з якой можна стрыгчы купоны. Вы не чакалі, што я магу націснуць на гэтыя кнопкі, а я магу. Магу запэўніць як чалавек, які досыць добра ведаў Лукашэнку: няма ў ім апантанай антыбеларускасці. Няма! Ён адмовіўся ад беларусізацыі толькі таму, што яна ніяк не дапамагала яму ўтрымліваць уладу. Цяпер гэтай уладзе ўжо нічога не пагражае, і чаму б не звярнуцца да беларускай мовы і культуры.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Уладзімір Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 у горадзе Смаргонь. Паэт, празаік, эсэіст. Быў старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН‑цэнтра. Цяпер адзін са стваральнікаў руху «Беларускі дом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0