Цяпер вірус пандэмічнага грыпу А (H1N1) дамінуе сярод грыпападобных захворванняў, паведаміў кіраўнік бюро СААЗ у Беларусі Ягор Зайцаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 17 лістапада.

Ён адзначыў, што ў большасці пацыентаў захворванне працякае лёгка і не патрабуе спецыяльнага лячэння, а нешчаслівыя клінічныя зыходы «звязаны ў асноўным з нясвоечасовым зваротам па медыцынскую дапамогу».

Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык заявіла, што не гатова паведаміць аператыўную інфармацыю «аб выпадках захворвання на грып А (H1N1) і выпадках смерці ад яго, таму што тэма прэс-канферэнцыі заяўлена як «Павышэнне інфармаванасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь аб мерах прафілактыкі і абароны ад сезоннага і пандэмічнага грыпу». Паводле слоў Наройчык, большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязана са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.

«Мы не ведаем, колькі людзей хварэюць на грып А (H1N1)», — адзначыла прадстаўнік цэнтра.

На яе думку, гэта і не трэба ведаць, паколькі «ў лабараторным пацвярджэнні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці», бо прынцыпы лячэння ўсіх форм грыпу аднолькавыя. Ягор Зайцаў таксама заявіў, што «няма неабходнасці ва ўсіх выпадках грыпу рабіць лабараторнае пацвярджэнне».

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 16 лістапада ў Беларусі было зарэгістравана 165 выпадкаў захворвання на пандэмічны грып A (H1N1). Згодна з афіцыйнымі звесткамі (на 4 лістапада), з пачатку ўздыму захворвання 19 кастрычніка ад пнеўманіі ў Беларусі памерла 19 чалавек, у сямі з іх лабараторна пацверджана наяўнасць вірусу грыпу А (H1N1).

Гаворачы пра выпадкі пнеўманіі, Наройчык адзначыла, што раней гэтаму захворванню не надавалі такога значэння, як цяпер, і гэтая тэма не «выносілася на абмеркаванне СМІ». Між тым ад пнеўманіі паміраюць штогод, падкрэсліла яна.

У той жа час кіраўнік бюро СААЗ у Беларусі адзначыў, што асаблівасцю вірусу грыпу А (H1N1) з'яўляецца верагоднасць развіцця цяжкіх ускладненняў, у прыватнасці, пнеўманіі. Рызыка развіцця ўскладненняў зніжаецца,

а лячэнне грыпу найбольш эфектыўнае, калі пацыент звярнуўся па медыцынскую дапамогу на працягу двух сутак ад пачатку захворвання, сказаў Зайцаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?