Чаму менавіта Нясвiж? Пра тутэйшых юных мам я даведаўся з дайджэста навiнаў — адным радком было напiсана, што вось, маўляў, трынаццацiгадовыя нараджаюць, i ўжо не першы раз. У гатэлi «Нясвiж» супрацоўнiца на рэцэпцыi здзiўлена паглядзела на мяне:

— А што тут дзiўнага?! У наш час гэта, на жаль, стала звычайнай з’явай — ужо колькi разоў так было…

— Толькi ў маёй школе ўжо тры выпадкi за апошнiя гады, — пацвердзiў мне знаёмы нясвiжскi настаўнiк.

Тэлефаную ў радзiльню.

— Нiчога вам не скажу без дазволу галоўнага ўрача лякарнi!.. — адказвае мне загадчыца радзiльнi Святлана Давыдзенка.

— Нiчога не ведаю, першы раз ад вас чую!.. — адказвае мне галоўны ўрач Нясвiжскай раённай лякарнi Змiцер Пуляк.

— Зараз перазваню ў радзiльню, перапытаю.

Праз 10 хвiлiн.

— Вас падманулi, — кажа мне Змiцер Аляксеевiч. — У радзiльнi мне сказалi, што нiводнага выпадку ў гэтым годзе не было…

Самым дасведчаным апынуўся райвыканкам. Начальнiца Упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельнiцтва Ірына Чамярэўская глядзiць у камп’ютары — i кажа:

— Зараз на ўлiку тры няпоўнагадовыя мамы, яшчэ нядаўна было восем — павырасталi. Мы iх усiх ведаем, тэрытарыяльны цэнтр трымае ўсiх на ўлiку…

I ўжо зусiм даверлiва Iрына Антонаўна дадае:

— Ведаеце, маёй дачцэ цяпер 15 гадоў… Дык я калi з гэтымi юнымi мамамi сутыкаюся, думаю — хоць бы мяне, Божа, такая доля мiнавала…

Тры сённяшнiя мамы на ўлiку — гэта тры розныя меладрамы. Самая свежая — 16-гадовая Вiкторыя з вёскi Лань пад Нясвiжам. Першага Максiмку нарадзiла ў красавiку 2008-га, другога, Мацвея, — у лiпенi 2009-га. Сям’я прыстойная, але з журналiстам размаўляць адмаўляюцца. Кажуць, усё ў нас добра, нiякай дапамогi не трэба, на дваiх дзяцей 600 тысяч атрымлiваем.

Другi выпадак можна назваць самым удалым — ёй 17, яму 21. Жывуць у Снове, ён працуе на агракамбiнаце, добра зарабляе — нават дзяржаўную дапамогу не атрымлiваюць, бо прыбытак дастатковы.

Трэцяя — Крысцiна з вёскi Карцэвiчы пад Нясвiжам — сама прыйшла да мяне ў рукi — з’явiлася ў выканкам афармляць дакументы на бясплатнае харчаванне, калi я гутарыў там з чыноўнiкамi.

Маленькая, прыгожанькая, цiхенькая, як котачка. Сядзiць i сарамлiва пазiрае на журналiста, якому ўсё хочацца ведаць. Знаёмлюся з яе прыёмным бацькам Сяргеем, напрошваюся ў госцi. Дарогаю пытаюся ў Крысцiны ўсё як ёсць, пры гэтым уважлiва падбiраючы словы. Дзiўнае адчуванне — размаўляць з чалавекам, на 9 гадоў за цябе маладзейшым, у якога ўжо ёсць дзiця… Асаблiва калi табе самому 23…

— Я даведалася ўсё на 26-м тыднi, — кажа Крысцiна. — У мяне стаў расцi жывот — мама гэта заўважыла. І мы паехалi ў шпiталь на абследаванне. Абследавалi — i сказалi: дваццаць шосты тыдзень.

— I што сказала мама?

— Мама была, вядома, у шоку. Мы прыйшлi дадому i сталi размаўляць. Мама спытала, ад каго. Я адказала. Яна кажа: «Нiчога страшнага, не бойся, я табе дапамагу».

— А ты сама што адчувала?

— Я сама была ў шоку…

— У школе як адрэагавалi — аднакласнiкi, настаўнiкi?

— Яны рабiлi выгляд, што нiчога не змянiлася. Дачынялiся, як i раней. Усё было карэктна.

— Крысцiна, а як ты паведамiла гэта… бацьку твайго дзiцяцi?

— Пасля таго як паразмаўлялi з мамай, паехалi да яго — мама сама яму ўсё сказала. Яго Вадзiм завуць.

— А колькi яму гадоў?

— Дваццаць восем. Ён, натуральна, таксама быў у шоку. Але адразу сказаў, што будзе дапамагаць гадаваць дзiця, выхоўваць. Ён у кiнатэатры працуе.

— Ажанiцца прапанаваў?

— Так, але я вырашыла пакуль не рабiць гэтага. Напэўна, зарана.

— Крысцiна, дзяцей мець не зарана, а жанiцца зарана?!

— Я мушу вывучыцца спачатку. Ён адказаў, што будзе чакаць маёй згоды.

— I цяпер вы жывяце не разам?

— Ён прыязджае звычайна па выхадных.

— А калi не сакрэт, вы з Вадзiмам доўга сустракалiся перад тым, як… дзiця з’явiлася?

— Ну, дзесьцi тыдзень…

— А гэтыя 6 месяцаў, калi ты ўжо цяжарная была?

— Не, не сустракалiся.

Ад тэмаў амурных пераходзiм да тэмаў матэрыяльных. Колькi атрымлiвае дапамогi ад дзяржавы 14-гадовая мама?

— Калi нарадзiла, атрымала два з нечым мiльёны, — кажа Крысцiна. — Цяпер во штомесяц па 350 тысяч даюць. На тыя два мiльёны адразу набылi вазочак за 650 тысяч, ложак дзiцячы, рэчы — нiчога не засталося. Гэтых грошай, 350 тысяч, таксама не хапае — памперсы, харчаванне, адзенне, лекi… Як холадна стала — цёплыя рэчы трэба. А ў Нясвiжы выбар невялiкi, ды i каштуюць дорага…

— А колькi цяпер, дарэчы, памперсы каштуюць?

— Бяром таннейшыя, за 24 тысячы пачак — там 60 штук. На дзень дзiцяцi тры-чатыры памперсы. На месяц два пачкi такiя iдзе.

— Чым кормiш дзiця?

— Раней цыцку давала, а зараз малако скончылася, дык дзiцячае харчаванне даю.

— У выканкаме сказалi, што харчаванне бясплатна даюць…

— Не, купляем. Мы не ведалi, што бясплатна атрымлiваць можна, толькi сёння во заяву напiсала…

У хаце мяне вiтае мама Крысцiны спадарыня Таццяна. Маладая, 35 гадоў усяго, прыгожая, ахайная. Запрашае на гарбату. Пытаюся — часам тое самае, што i ў дачкi — каб параўнаць адказы…

— Таццяна, даруйце, я нiколi цяжарным не быў, але няўжо жанчына не адчувае гэтага? Як так сталася, што вы даведалiся ўсё настолькi позна?

— У яе былi месячныя. I лекар нам сказаў, што ўсё ў парадку. А выкрылася ўсё ўжо на шостым месяцы, калi позна нешта рабiць… У нас адразу i картку забралi, каб схаваць, што мы звярталiся раней, а нам нiчога не вызначылi…

— Вы так рана не збiралiся бабуляй рабiцца?

— Што вы, я была ў шоку! Цяпер ужо прызвычаiлася… Не крычала на дачку, не сварылася. Так здарылася, значыцца, трэба думаць, як дзiця гадаваць, а не сварыцца. Хацелася б, вядома, каб так не атрымалася. Але ж — ужо ёсць…

— Я ведаю, што вы асабiста паведамiлi навiну бацьку дзiцяцi. Як гэта адбылося?

— Як? Ледзьве не адлупiлi! Ён ашалеў канкрэтна. Паўтараў толькi: «Ну што зробiш?» Прапанаваў жанiцца, але мы вырашылi, што вывучыць спачатку дзяўчыну трэба.

— 350 тысяч хапае на маленькае дзiця?

— А як вы думаеце? Памперсы, харчаванне, адзенне…

— Дзiця было пачало кашляць, далi рэцэпт, я пайшоў у аптэку, — уступае ў размову Сяргей, муж Таццяны. — Пытаюся, колькi каштуе. 47 тысяч! I нi льготаў, нi палёгкаў!

— Таццяна, а як вы вырашылi пытанне са школай?

— Крысцiнка ходзiць цяпер у школу, у дзявяты клас, я з дзiцем сяджу. Паразмаўлялi з дырэктаркай школы, яна да нас прыходзiла. Параiла нам Крысцiну пасля ў вечаровую школу аддаць, там можна бясплатна курсы бухгалтараў скончыць, прафесiю атрымаць — яны адпраўляюць. Так i вырашылi. А то тут адна нарадзiла няпоўнагадовая, а пасля паехала вучыцца — дык з другiм на руках вярнулася!

— Крысцiнка, а ты ў класе свайго бэбiка паказвала?

— Не, маленькi яшчэ, каб не сурочыў нiхто…

* * *

«Я i цяпер, маючы дваiх дзяцей, не гатовая быць мамай…»

Завiтаў я i яшчэ ў адную нясвiжскую хату. Наталлi ўжо споўнiлася 19. Сына Мiкiтку нарадзiла ў 15, дачку Палiнку ў 16. Жывуць з бацькам дзяцей у бабулiнай хаце, не распiсаныя. Драматургiя тут што трэба — i бацькi цяжарную дачку з дома выганялi, i малады бацька дзяцей, не вытрымаўшы, пачаў пiць, i 16-гадовай маме замест калыхання дзiцяцi хацелася з сяброўкамi скакаць на дыскатэцы… Цяпер усё збольшага прамiнула. Аднак дзяцiнства для Наталлi адразу перайшло ў мацярынства…

— Наталля, я так разумею, што першае дзiця было ў вас… незапланаванае?

— Так.

— Гм… А другое?

— Таксама… Шчыра вам скажу — проста не хапiла ведаў… Я думала, раз месячныя ёсць — значыцца парадак. I толькi пасля даведалася, што бывае i такое. Разумееце, я сама была яшчэ дзiцем… Думала пасля — чаго я туды ўвогуле палезла?..

— Цяпер вы жывяце з бацькам сваiх дзяцей. А чаму не ажанiлiся дагэтуль?

— Ведаеце, у жыццi ўсяк бывае. Не факт, што мы з iм i далей жыць будзем… Па маладосцi ўсё было. Сустракацца гэта адно, а жыць… Я яго прывучыла ўсё рабiць, глядзець дзяцей, але…

— Човен кахання разбiўся аб побыт?

— Так… Я сама моцная па характары. А ён слабы, яго гэта ўсё зламала, выпiваць пачаў… Сумеснае жыццё, гадаванне дзяцей — гэта ж адказнасць. Мы то жылi разам, то не жылi… А цяпер я яму паставiла ўмову: альбо кадзiруйся, альбо ўсё.

— Ён старэйшы за вас?

— Яму 24 — на 5 гадоў старэйшы.

— Да таго, як у вас першае дзiця з’явiлася, вы доўга сустракалiся?

— Нядоўга, мо паўгода.

— I як позна вы даведалiся, што ў вас будзе дзiця?

— Я асабiста даведалася месяцы праз два, а маме сказала толькi праз паўгода — баялася.

— Калi самi даведалiся, былi думкi пазбавiцца ад дзiцяцi?

— Былi, вядома ж. Я ў школе вельмi добра вучылася, ды i бацька ў мяне вельмi строгi. Каб вы ведалi, колькi я перажыла…

— Атрымлiваецца, вы самi прынялi рашэнне пакiнуць дзiця?

— Як прыняла… Не рашылася проста на iншае. А пасля, як мама даведалася, пачалiся крыкi, што гэта на ўвесь Нясвiж ганьба, трэба рабiць аборт i гэтак далей. А позна было ўжо пазбаўляцца…

— А як, дарэчы, мама даведалася?

— Вельмi незвычайным чынам. Пайшла да варожкi, i тая наваражыла ёй, што «ваша дачка народзiць да 18 гадоў». Мама прыйшла ўся ўсхваляваная, адразу да мяне. А я, зразумела, збялела, пачала нервавацца. I мама пытаецца: «Наташа, што — ужо?!" I тут усё адкрылася. Мама зразумела, што я не проста папраўлялася, а ўва мне ўжо дзiця…

— Наталля, вы шкадуеце?

— Я шкадую, што ўсё здарылася так рана. I на дыскатэкi хацелася хадзiць, i з сяброўкамi гуляць… Прашу маму: «Паглядзi дзiця». А яна: «Нарадзiла — вось i глядзi, а не на дыскатэкi бегай». I вучыцца во паступiла ў Смiлавiчы на завочнае — бухгалтарам буду. Аднак на працу не прыладзiцца — досведу няма, на руках двое дзетак. Нiхто такую браць не хоча…

— Як сталася, што зараз без бацькоў жывяце?

— У вас, напэўна, няма жонкi, раз пытаецеся… Як можна маладым з бацькамi жыць? Яны i лезуць увесь час, i сварылiся мы з хлопцам праз гэта… Адзiн раз бацька мяне ўвогуле з хаты выгнаў, у самым пачатку. А гэта во хата маёй прабабулi, мяне сюды бабуля пусцiла жыць — яна моцна мне спачувае. Цяпер з бацькамi стасункi наладзiлiся, яны дапамагаюць, дзяцей, калi трэба, глядзяць.

— А людзi, знаёмыя — шапталiся, пальцамi паказвалi?

— Так! I мама гэта спазнала, i бабуля, i я сама. Прыходзiць мама ў краму — а там за спiнай пачынаюць шаптацца, што «гэта яе дачка ў 15 нарадзiла»… Я сама першы час ад сораму з дому не выходзiла. А пасля падумала — у мяне цудоўнае дзiця, я яго люблю, гляджу — чаго мне ўжо саромецца?..

— Наталля, што вы параiце дзяўчатам, якiя так рана сутыкаюцца з гэтым пытаннем?

— Нiкому не раю нараджаць так рана, не падумаўшы. Мне цяпер 19 гадоў — i я разумею, што i цяпер не гатовая была б нараджаць, каб так не здарылася… Трэба ўсё ўзважыць. Разумець, што спадзявацца трэба на сябе i на бацькоў. Калi бацькi, скажам, п’янiцы — як нараджаць? На сацыяльную дапамогу вы здаровае дзiця не выгадуеце… I з бацькам дзiцяцi — цi будзеце, цi не будзеце…

* * *

Каментар міністэрства: «За гэты год нарадзiлi 917 няпоўнагадовых…»

Галоўны акушэр-гiнеколаг Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Барсукоў кажа, што няпоўнагадовыя цяжарныя — сёння з’ява ўжо не адзiнкавая.

— Вось у мяне якраз на стале статыстыка за 9 месяцаў гэтага i мiнулага года, — гартае паперы спадар Аляксандр. — За 2008 год — 903 няпоўнагадовыя нарадзiлi, за гэты — 917. Прыкладна на адным узроўнi. Абортаў у няпоўнагадовых абсалютна роўная колькасць за абодва перыяды — па 442 выпадкi. Як бачыце, кожная трэцяя робiць аборт, астатнiя нараджаюць… Iншая рэч, што ў нас у краiне сёння мы не можам гарантаваць цалкам бяспечны аборт. Паводле мiжнародных правiлаў, гэта мусiць рабiцца медыкаментозным чынам, а мы толькi iдзём да гэтага, робiм збольшага хiрургiчным шляхам. Хачу адзначыць, што адсотак хваробаў i ўскладненняў сярод дзетак няпоўнагадовых мамаў значна большы, чым у дарослых жанчын… I мы зараз працуем як з няпоўнагадовымi мамамi, гэтак i з усiмi дзяўчатамi, iх бацькамi. Размаўляйце з дзецьмi, расказвайце iм, як засцерагацца! Нашыя дзеткi сёння вельмi рана пачынаюць палавое жыццё — i думаюць, што яны ўжо дарослыя. А ведаў зазвычай не хапае…

* * *

Каментар медыка: «У такiм узросце i нараджаць небяспечна, i аборт рабiць небяспечна…»

Што рабiць, калi дзяўчо зацяжарала ў 13–14 гадоў? Па такi каментар я звярнуўся да лекара-гiнеколага, доктара медычных навук Пётры Кухарскага.

— Зразумела, што ў такiм узросце арганiзм дзяўчыны не развiўся да канца, вядома, нараджаць рана! Адкуль у яе патрэбная колькасць малака, каб кармiць дзiця? Чыста фiзiялагiчна дзяўчына гатовая нараджаць дзiця ў 17–18 гадоў. Iншая рэч — што яна як мацi дасць гэтаму дзiцяцi нават у такiм узросце? Пытанне вельмi складанае. Бо пры такой ранняй цяжарнасцi ў дзiцяцi могуць быць любыя хваробы. А можа i цалкам здаровае дзiця нарадзiцца. Сучасная медыцына здольная ўбачыць большасць хваробаў i паталогiй на ранняй стадыi цяжарнасцi. Аднак калi рабiць аборт у такiм малым узросце, то ёсць небяспека, што дзяўчына нiколi ўжо не здолее мець дзяцей… Так што калi ўжо, проста кажучы, заляцела — i лекары вызначылi, што дзiця здаровае, з медычнага пункту гледжання, лепей нараджаць…

* * *

Каментар чыноўніка: «Раз нарадзiла — дзяржава мусiць дапамагаць»

Дырэктарка Нясвiжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельнiцтва Наталля КОРСАК кажа, што нiводная мама не застаецца ў iх без дзяржаўнай падтрымкi.

— Як толькi цяжарная мама стала на ўлiк, мы пачынаем працаваць з сям’ёй. Яна чакае дзiцяцi — i чыноўнiкi, лекары чакаюць разам з ёй. Глядзiм на прыбытак, калi трэба вылучаем гуманiтарную дапамогу, як толькi народзiць — да двух гадоў атрымлiвае бясплатнае харчаванне. Няпоўнагадовыя мамы ў мяне запiсаныя ў асобнай тэчцы, я iх усiх асабiста ведаю. Атрымлiваюць грошы — у залежнасцi ад прыбытку, звяртаюцца па адрасную сацыяльную дапамогу… Мая задача як чыноўнiка — не разважаць, добра гэта цi дрэнна. Раз нарадзiла — дзяржава мусiць дапамагаць.

…На развiтанне я спытаўся ў Наталлi, колькi яна атрымлiвае дапамогi ад сацыяльных службаў. Высветлiлася, што на старэйшага ўжо нiчога — бо споўнiлася тры гады. А на малодшую Палiнку — 99 тысяч, гэта 50% ад агульнай сумы, бо тая ходзiць у садок. Знайсцi працу ў Нясвiжы Наталля пакуль не здолела. Вось i атрымлiваецца: самой 19 гадоў, на руках двое дзетак 2,5 i 3,5 гадочка. I на траiх — 99 тысяч рублёў. Жывi як хочаш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?