Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця набыў больш за 25% акцый групы кампаній West Ost Union, якая валодае найбуйнейшай у Беларусі сеткай супермаркетаў дзіцячых тавараў.

Упершыню ЕБРР інвестуе ў сектар рознічнага гандлю ў Беларусі і трэці раз за апошнія 10 гадоў укладвае сродкі ў капітал беларускіх кампаній.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе ЕБРР,

група кампаній West Ost Union, заснаваная ў 2006 годзе, валодае 12 супермаркетамі пад гандлёвай маркай «Буслік». Магазіны адкрыты ў Мінску, Гомелі, Брэсце і Магілёве, а таксама ў некаторых раённых цэнтрах.

Чакаецца, што інвестыцыі ЕБРР забяспечаць кампаніі дадатковы абаротны капітал і будуць важным крокам у рэалізацыі кампаніяй планаў па пашырэнні гандлёвай сеткі. West Ost Union плануе адкрыць 25 магазінаў да 2013 года.

«Далейшае рэгіянальнае развіццё рознічнай сеткі «Буслік» дасць доступ для большай колькасці пакупнікоў сярэдняга ўзроўню даходаў да якасных тавараў мясцовай і замежнай вытворчасці па канкурэнтаздольных цэнах», — сказала старшы банкір ЕБРР Ірэна Стэнвел. Паводле яе слоў, дасягненні каманды менеджмента і прымяненне кампаніяй перадавой практыкі карпаратыўнага кіравання былі важным фактарам у прыняцці банкам рашэння інвеставаць у гэты праект.

«Фінансаванне ЕБРР дазволіць нам рэалізаваць планы кампаніі па пашырэнні гандлёвай сеткі», — адзначыў генеральны дырэктар West Ost Union Сяргей Місячэнка, падкрэсліваючы планы кампаніі заняць лідзіруючыя пазіцыі ў рознічным гандлі дзіцячымі таварамі ў Беларусі.

Магазіны «Буслік» прапаноўваюць шырокі асартымент тавараў для дзяцей да 12 гадоў, уключаючы дзіцячае харчаванне, адзенне, абутак, цацкі, падгузнікі і шмат іншага. Набыццё 25,5% акцый дазволіць прадстаўніку ЕБРР увайсці ў склад савета дырэктараў кампаніі. Фінансавыя дэталі здзелкі не раскрываюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?