19 лістапада ў манастыры Ракавіца на ўскраіне Бялграду пахаваюць патрыярха Паўле. Гэта быў адзіны патрыярх, які прынцыпова езьдзіў на грамадзкім транспарце і стаў у пярэдні шэраг са студэнтамі-дэманстрантамі, каб абараніць іх ад спэцназу. Піша ў блогу на радыё «Свабода» Натальля Васілевіч.

Патрыярх Паўле запраста хадзіў па Бялградзе ў манаскай расе.

Патрыярх Паўле запраста хадзіў па Бялградзе ў манаскай расе.

Так ці інакш, усіх праваслаўных патрыярхаў называюць Сьвяцейшымі. Але найчасьцей яны ўяўляюцца гэткімі сабе міністрамі на лімузінах і з аховай, альбо прамоўцамі, палітыкамі, адміністратарамі.

Сучаснага Маскоўскага патрыярха Кірыла, напрыклад, азначаюць «крызіс-мэнэджэрам», а патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея — «зялёным», дзякуючы таму, што ён адной з асноўных тэмаў сваёй публічнай дзейнасьці зрабіў экалёгію. Для людзей з «традыцыйна праваслаўных» краінаў, як часта называюць краіны Ўсходняй Эўропы, патрыярх — гэта наогул толькі імя ў некаторых прашэньнях літургіі. Нават калі ён і прыяжджае ў нашыя мясьціны, то проста пабачыць яго зблізу, ня тое, што нават пагаварыць, — ужо цэлая эпапэя.

Ды нават і не патрыярх, а звычайны мясцовы епіскап — асоба звышважная, занятая сур’ёзнымі справамі на ўзроўні цэлай дзяржавы ці прынамсі мясцовых органаў улады. А якія тытулы! Возьмем, да прыкладу, патрыярха Александрыйскага — Ягоная Шчаснасьць Папа і Патрыярх Вялікага Гораду Александрыі, Лівіі, Пентанопаля, Эфіёпіі, усяго Егіпту і ўсёй Афрыкі, Айцец Айцоў, Пастыр Пастыраў, Трынаццаты Апостал і Судзьдзя Сусьвету. Як тут ня стаць аб’ектам пакланеньня?

З сучасных прадстаяцеляў Памесных Цэркваў, бадай, толькі двое былі героямі сучаснага пацерыка: Архіепіскап Тыраны і ўсяе Альбаніі Анастас, які ўзначальвае адну з самых маленькіх Цэркваў у сьвеце — па адзін бок ад Косава; і Сэрбскі патрыярх Паўле, прыходы і манастыры пад кіраўніцтвам якога перажывалі апошнія дзесяцігодзьдзі не найлепшыя часы ў самім Косаве.

Навіны пра апошняга цягам некалькіх год тычыліся ў асноўным стану здароўя патрыярха, што ня дзівіць, бо перад спачынам на 96-м годзе жыцьця Сьвяцейшы Паўле два гады правёў у шпіталі Вайскова-мэдыцынскай акадэміі.

Яшчэ ў 1940-х гг. хваравітаму і слабенькаму Гойка Стойчавічу лекары абяцалі толькі тры месяцы жыцьця,

а ён яшчэ праз 50 год пасьля гэтага ўзначаліў Сэрбскую Праваслаўную Царкву. Праўда, ацаліўшыся ад сухотаў, Гойка Стойчавіч сапраўды памёр, толькі сімвалічна, прыняўшы манаскі пострыг і пачаўшы новае жыцьцё — манаха, аскета, сьвятара. Калі Паўле дасягнуў таго ўзросту, калі звычайна епіскапы падаюць прашэньне на спачын, то і тут замест спачыну ён адкрыў новую старонку свайго жыцьця — патрыяршаства, служэньне на самай высокай царкоўнай пасадзе ў найбольш цяжкі час для сваёй краіны: балканскіх войнаў, генацыду, аўтарытарнага рэжыму і натаўскіх бамбёжак, распад некалі вялікай Сэрбіі. І на гэтай пасадзе ён ня стаў проста «вясельным генэралам», але не баяўся браць чынны ўдзел у жыцьці краіны, прычым часьцяком уступаючы ў канфрантацыю з уладамі.

Цяжка вызначыць, якой была палітычная пазыцыя самога патрыярха Паўле — ён стараўся трымацца па-за палітыкай, але быць па-за палітыкай ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму — гэта фактычна падтрымліваць рэжым.

У 1993 г. патрыярх напісаў ліст прэзыдэнту Сэрбіі Слабадану Мілошавічу з просьбай вызваліць са зьняволеньня лідэра апазыцыі Вука Драшкавіча.

Калі сэрбская паліцыя гатовая была жорстка разагнаць студэнцкія выступленьні 1996 г. у Бялградзе, патрыярх выйшаў на вуліцу разам са студэнтамі, і паліцэйскія кардоны вымушаныя былі прапусьціць калёну.

Рэжым прэзыдэнта Сэрбіі Слабадана Мілошавіча, які кіраваў краінай да 2000 г., патрыярх не пабаяўся назваць адказным за катастрофу сэрбскага народу. Разам з тым шматлікія нараканьні сэрбскіх дэмакратаў выклікалі

ягоныя кантакты зь лідэрам вайсковых груповак басьнійскіх сэрбаў Радаванам Караджычам.

Ён не рабіў нічога звышнатуральнага, але ўжо пры жыцьці многія лічылі патрыярха Паўла сьвятым.

Старэнькі па ўзросьце, ён стаў для многіх узорам сапраўднага старэцтва — аскетычнага, сьціплага, манаха.
Вось папулярны фотаздымак патрыярха Паўле — старэнькі манашак у старэнькім падрасьніку з патрыяршым посахам, які нагадвае звычайны дзядульчын кіёк, крочыць вуліцамі Бялграду.

Нехта выпадкова зрабіў фотаздымак патрыярха, калі той ехаў на трамваі — у цёмнай манаскай вопратцы, але са сьветлым тварам, які, здаецца, асьвячаў навакольле.

Як расказваў сьвятар Ігар Пчалінцаў, патрыярх Паўле ў 2003 г. на спэцыяльным цягніку прыехаў у ліку іншых гасьцей у Сароў — для ўдзелу ў сароўскіх урачыстасьцях. Усіх гасьцей разьвезьлі па гасьцініцах, і раптам высьветлілася, што згубіўся Сэрбскі патрыярх Паўле. Ці то выходзіў зь цягніка доўга, ці то проста ў ім патрыярха не прызналі — ня тыя манеры былі. Калі вярнуліся на вакзал, то пабачылі патрыярха Паўле, які сядзеў на сваёй валізе і азіраў ваколіцы. З транспарту засталася адна «газель», на ёй патрыярха і павезьлі. Праўда, цяжка ўявіць, каб такая гісторыя адбылася зь некім іншым высокім іерархам? Папы і многія патрыярхі лятаюць уласнымі самалётамі, у час іх прыезду перакрываюць трасы, а тут — Сьвяцейшы Паўле едзе на сароўскія ўрачыстасьці маршруткай.

Варта пераказаць і іншыя гісторыі, якія сабраў Юры Максімаў.

Адна сэрбская жанчына, прыйшоўшы на прыём да патрыярха, заўважыла, што ў патрыярха зусім старэнькія чаравікі, і ёй стала сорамна, што патрыярх вялікай сэрбскай Царквы абуты, як бомж. А патрыярх ёй адказаў: «

Бачыце, якія выдатныя скураныя чаравікі я знайшоў на сьметніцы, іх трэба было толькі крыху падрамантаваць».

Альбо гісторыя пра «яшчэ адну жанчыну», якая, прыйшоўшы на прыём да патрыярха, хацела ўручыць яму гуманітарную дапамогу, спаслаўшыся на тое, што ў сьне да яе прыходзіла Найсьвятая Багародзіца і загадала прынесьці патрыярху Паўле падарунак. Патрыярх не разгубіўся: запытаўшыся, а якой гадзіне Найсьвятая Багародзіца прыйшла да жанчыны, ён адказаў ёй: «Я лёг спаць пазьней, і Найсьвятая Багародзіца таксама прыйшла да мяне, і папрасіла падзякаваць вам, і загадала, каб я падарунка не прымаў».

Можа, гэта і ня сьвятасьць.
І праўда — сам за сабой талерку прыбраў; хлеб нарэзаў; у агульнай чарзе ў сталоўцы пастаяў; на трамваі праехаў — мільёны людзей робяць гэта штодня, і ніхто не ўпадае ў экзальтацыю: «гэта сьвятасьць!» Але быць проста чалавекам, прыніжаць сябе, калі іншыя ўзвышаюць, гэта ўжо шлях да сьвятасьці, яўленьне сапраўднай Чалавечнасьці, празь якую толькі і можа быць яўленая сапраўдная Боскасьць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?