За палітычнымі падзеямі ў Мінску журналісты і чытачы незалежнай прэсы няшмат увагі звяртаюць на тое, што робіцца ў правінцыі. А там найбольш моцна і яскрава выяўляюцца ўсе дасягненні аўтарытарнай «вертыкалі».

У мястэчку Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне, спатрэбілася адрамантаваць клуб. Чыноўнікі з райвыканкама ці то не змаглі знайсці сродкаў, ці то не пажадалі напружваць сябе пошукам грошай, а ўзялі ды размеркавалі работы па рамонце паміж… размешчанымі ў Крулеўшчыне падраздзяленнямі Беларускай чыгункі. Нейкая з іх кладзе плітку, нейкая рамантуе дах, а чыгуначным сувязістам загадалі тынкаваць сцены. Вядома ж, за кошт саміх прадпрыемстваў.

Пазалетась гэткім спосабам адрамантавалі Докшыцкую бальніцу — кожнаму прадпрыемству размеркавалі па адной палаце. Дарожнікі і газавікі фарбавалі бальніцу, а ўрачы на суботніках мылі вокны на фермах. Акрамя агульнарэспубліканскіх добраахвотна‑прымусовых суботнікаў, на Докшыччыне ёсць яшчэ і раённыя. Летась іх правялі аж тры: трэба было сабраць грошы на будаўніцтва басейна. Прайшло ўжо паўтара года, але пра басейн нешта нічога не чуваць.

Як і паўсюль, у Докшыцкім раёне ёсць праблема з працоўнай сілай у сельскай гаспадарцы. Аграгарадкоў набудавалі, а аградомікі нават не ўсюды заселеныя. Знайшлі новы спосаб: у раёне існуе неафіцыйная забарона браць на працу ў будаўнічыя і прамысловыя арганізацыі асобаў, якія звольніліся з сельскагаспадарчага сектара.

Карацей, мясцовыя вертыкальшчыкі набываюць у сваіх раёнах практычна неабмежаваную ўладу. Нібы феадалы ў вотчынных уладаннях. Так і да прыгону недалёка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?