МВФ станоўча ацэньвае ход рэалізацыі ў Беларусі эканамічнай праграмы, у аснове якой ляжыць пагадненне аб крэдыце стэнд‑бай.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс‑службы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), апублікаваным па выніках працы ў Беларусі з 10 па 19 лістапада місіі МВФ для ажыццяўлення трэцяга агляду праграмы стэнд‑бай.

У прыватнасці, зазначаецца,

што выкананы ўсе крытэрыі рэалізацыі праграмы і структурныя кантрольныя паказчыкі, устаноўленыя на канец верасня.

«Паміж місіяй супрацоўнікаў МВФ і ўладамі Беларусі дасягнута дамоўленасць, якая падлягае зацвярджэнню Выканаўчай радай дырэктараў МВФ, аб завяршэнні трэцяга агляду рэалізацыі пагаднення аб крэдыце стэнд‑бай. Пытанне аб трэцім аглядзе будзе разглядацца Выканаўчай радай дырэктараў МВФ у канцы снежня. Пасля завяршэння агляду будзе магчымым выдзяленне сумы ў памеры 437,93 мільёна СДР (каля 700 мільёнаў даляраў ЗША)», — цытуе прэс‑служба кіраўніка місіі экспертаў Крыса Джарвіса.

Паводле слоў Джарвіса, дасягнутая ў дачыненні да макраэканамічных паказчыкаў на 2010 год дамоўленасць будзе садзейнічаць рэалізацыі мэтаў праграмы. «Асцярожная падаткова‑бюджэтная і грашова‑крэдытная палітыка дазволяць скараціць дэфіцыт рахунку наяўных аперацый і панізіць узровень інфляцыі да адназначных велічыняў. Грашова‑крэдытная палітыка будзе па‑ранейшаму скіравана на падтрыманне даверу да рэжыму абменнага курсу», — падкрэсліў ён.

Джарвіс зазначыў, што рацыянальная палітыка заработнай платы будзе садзейнічаць павышэнню канкурэнтаздольнасці Беларусі і ўмацаванню перспектыў эканамічнага росту па меры аднаўлення росту сусветнай эканомікі.

«Сацыяльная палітыка нацэлена на забеспячэнне адэкватнай сістэмы сацыяльнай падтрымкі найбольш уразлівых слаёў насельніцтва», — сказаў ён.

Падчас сваёй працы ў Мінску місія МВФ таксама абмеркавала з беларускімі ўладамі пытанні ўмацавання фінансавай сістэмы і незалежнасці Нацыянальнага банка Беларусі. Кансультацыі па пытанні аб кірунках і паслядоўнасці структурных рэформ могуць стаць асновай для наступнай праграмы пасля заканчэння тэрміну дзеяння гэтай праграмы ў красавіку 2010 года, зазначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да МВФ у кастрычніку 2008 года «ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту стэнд‑бай у аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.

29 чэрвеня рада дырэктараў МВФ зацвердзіла выдзяленне чарговага траншу крэдыту ў памеры каля 680 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. да 3,52 млрд. даляраў.

З улікам выдзеленага 21 кастрычніка трэцяга траншу ў памеры каля 700 млн. даляраў агульная сума прадастаўленых Беларусі да гэтага часу сродкаў па праграме стэнд‑бай складае каля 2,23 млрд. даляраў ЗША.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0