Вечарам 19 лістапада прэзідэнт Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты прыняў дэлегацыю беларускіх дэпутатаў на чале з намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Уладзімірам Кужанавым.

Пра гэта паведамляе прэс‑служба Міністэрства друку і масавых камунікацый Паўднёвай Асеціі.

«Хачу выказаць вам словы ўдзячнасці за вашу ініцыятыву наведаць Паўднёвую Асецію для таго, каб азнаёміцца з тымі падзеямі, што адбываліся тут, — сказаў Какойты. — Нас звязвае працяглая дружалюбная гісторыя.

У нас шмат агульнага і ў культуры, і ў традыцыях, і ў веры.

Але мы цудоўна разумеем і тое становішча, у якім апынулася Беларусь, калі ўсе чакаюць вашага рашэння. Але гэта ўнутраная справа жыхароў і кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь».

Прэзідэнт Паўднёвай Асеціі падкрэсліў, што гэты працэс не павінен фарсіравацца. «Вы самі павінны прыйсці да гэтага рашэння», — заявіў ён. «Самае галоўнае, каб будаваліся нармальныя адносіны ў эканамічнай сферы, у культурнай сферы. Тады і вынікі будуць адпаведныя», — зазначыў Какойты.

Паводле яго слоў, Паўднёвую Асецію і Беларусь звязваюць «братэрскія, сяброўскія адносіны».

«Вы самі вызначыце, калі трэба гэта (прызнаваць незалежнасць) рабіць.

Галоўнае — наладзіць міжпарламенцкае супрацоўніцтва і супрацоўніцтва на ўзроўні кіраўніцтва рэспублік. Формы прызнання таксама бываюць розныя, але мы, вядома ж, будзем чакаць афіцыйнага прызнання. Для нашага народа гэта прынцыпова важна», — падкрэсліў Какойты.

У сваю чаргу, Уладзімір Кужанаў зазначыў, што вынікі візіту ў Паўднёвую Асецію будуць даведзены да кіраўніцтва Беларусі. «Пасля вяртання мы падрыхтуем грунтоўны даклад і паведамім кіраўніцтву пра тое, што тут убачылі. Мы хочам выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто сёння з намі працаваў. Нас не абмяжоўвалі ні ў чым, што хацелі — мы ўбачылі, што хацелі — мы пачулі.

Без уздрыгу ў голасе і ў сэрцы глядзець на ўсё гэта немагчыма», — сказаў ён.

Як раней паведамлялася, з 17 па 20 лістапада дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі наведвае Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?