Паводле вынікаў галасавання гледачоў у конкурсе ігравога кіно кінафестывалю «Лiстапад-2009» Гран-пры атрымала карціна «Свет вялікі і паратунак скрываецца за вуглом» Стэфана Камандарава (Балгарыя/Германія/Славенія/Венгрыя).

«Серабро» «Лiстапада» атрымала карціна «Вечныя імгненні Марыі Ларсан» рэжысёра Яна Труэля (Швецыя). Трэцяе месца заняў беларускі фільм «Снайпер. Зброя адплаты» Аляксандра Яфрэмава.

Прыза за рэжысуру ўдастоены фільм «Вечныя імгненні Марыі Ларсан». Таксама акцёры гэтага фільма Мікаэль Персбранд і Марыя Хайсканен удастоены прызоў міжнароднага журы фестывалю за лепшую мужчынскую і жаночую ролі адпаведна.

Прыз журы кінапрэсы «Фільм як з`ява кінамастацтва» атрымала карціна «Мелодыя для катрынкі» Кіры Муратавай (Украіна).

Прыз прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно» атрымаў вядомы кіргізскі рэжысёр Марат Сарулу за фільм «Песня паўднёвых мораў».

Усяго сёлета ў конкурсе ігравога кіно фестывалю бралі ўдзел 18 карцін.

Як паведаміў старшыня кінафестывалю «Лiстапад-2009» Расціслаў Янкоўскі, карціны фестывалю сёлета паглядзелі прыкладна 35 тысяч гледачоў (44 тысячы — летась). Паводле яго слоў, каля васьмі тысяч дзіцячых гледачоў «было страчана з-за сітуацыі з грыпам».

Нагадаем, пераможцам кінафестывалю «Лiстапад-2008» стала карціна «Пасажырка» рэжысёра Станіслава Гаварухіна (Расія). На працягу апошніх дзесяці гадоў беларускія гледачы аддавалі Гран-пры пераважна расійскім фільмам. Выключэннем стаў 2007 год, калі галоўны прызы атрымала карціна Хенкеля фон Донерсмарка «Жыццё іншых» (Германія).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?