Альтэрнатыўная служба ў Беларусі дазволеная, але немагчымая. Адпаведны закон штогод адкладаюць у доўгую скрыню.

6 лістапада ў Гомелі адбыўся суд над 23‑гадовым Дзмітрыем Смыком. Малады чалавек абвінавачваўся ва «ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу».

Ён, сведка Еговы, катэгарычна адмаўляецца ісці ў войска — гэта супярэчыць яго прынцыпам.

Медкамісія прызнала Дзмітрыя годным да службы з абмежаваннямі. Улічыўшы светапогляд прызыўніка, ваенкамат прапанаваў яму службу без зброі і інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі. Хлопца размеркавалі ў транспартныя войскі, дзе яму прыйшлося б служыць манцёрам чыгуначных пуцей. Аднак Дзмітрый цвёрда дабіваецца рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу. На судзе хлопец абараняў сябе сам. Кажа, што адваката аплаціць не можа, — трэба карміць сям’ю.

Пракурор Ігар Купчын не паверыў у шчырасць прызыўніка: «Што гэта за зручная рэлігія такая? Прыйшла армія — прыйшла рэлігія, сышла армія — шматкроп’е… Не было перадумоваў — сям’я Смыка неверуючая». Але калі б пракурор і паверыў, службы па‑за вайсковай часткай гомельскі хлопец не дачакаўся б. Афіцыйная пазіцыя ўлады, агучаная пракурорам: «На дадзены момант паняцця «альтэрнатыўная служба» не існуе. Парадак службы не вызначаны і не можа ўжывацца, іначай гэта будзе самадзейнасць».

Суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым. Хлопец мусіць выплаціць штраф 100 базавых велічыняў — гэта 3,5 мільёна рублёў. Але ён і не думае здавацца: «Калі дойдзе да турмы, я сяду, — кажа Дзмітрый Смык. — Але войска як варыянт не разглядаю. Я не магу мець дачыненне да Узброеных сілаў. Справа ў сумленні і прынцыпах».

У дэпутатаў няма патрэбы

У артыкуле 57 Канстытуцыі запісана: «Абарона Рэспублiкi Беларусь — абавязак i святарны доўг грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Канстытуцыя была прынятая 15 гадоў таму, а закона пра альтэрнатыўную службу няма дагэтуль. Міністэрства абароны прапануе «кампрамісны» варыянт для пацыфістаў — служыць, але без зброі.

Паводле міністэрскіх падлікаў, колькасць прызыўнікоў, якія не могуць браць зброю па рэлігійных матывах, складае сем‑восем чалавек штогод. Звычайна іх накіроў¬ваюць служыць у чыгуначныя войскі.

«Адбываецца падмена паняцця альтэрнатыўнай службы, — абураецца праваабаронца Алена Танкачова. — Тых, хто спрабуе рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, прыцягваюць да крымінальнай адказнасці».

У 2002 годзе палата прадстаўнікоў абмяркоўвала праблему «альтэрнатыўшчыкаў». Тады правам заканадаўчай ініцыятывы скарыстаўся тагачасны дэпутат, цяперашні лідэр аргкамітэта апазіцыйнай Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд. Ён накіраваў праект закона «Аб грамадзянскай службе», распрацаваны Рэспубліканскай грамадскай моладзевай арганізацыяй «Грамадзянскі форум», у ведамствы. Чыноўнікі прыйшлі да высновы, што ў стварэнні закона няма «грамадскай патрэбы».

Санітары і паштальёны

Адукацыйны цэнтр «Пост» спрабуе прыцягнуць увагу да праблем «альтэрнатыўшчыкаў», распачаўшы грамадскую кампанію. «Мы ўступілі ў перапіску з міністэрствамі і патэнцыйнымі працадаўцамі, даслалі больш за 2000 лістоў ва ўсе бальніцы і цэнтры сацыяльнай абароны. Няхай людзі, якія не могуць служыць у арміі, працуюць санітарамі ў бальніцах, паштальёнамі», — расказвае каардынатарка праграмы Яніна Каралевіч‑Картэль.

У суседняй Расіі аналагічны закон прынялі ў 2004 годзе. Наплыву ахвотных няма. З таго часу больш за 3000 прызыўнікаў адслужылі альтэрнатыўна — па 20 месяцаў.

Палова іх служыць у бальніцах, дамах для састарэлых. Яшчэ каля 30% працуюць у прамысловасці і на будоўлях.

Цікавая і статыстыка, звязаная з матывацыяй «альтэрнатыўшчыкаў». 80% служыць не дазваляе рэлігія, 15% — пацыфісты. Астатнія — малыя народы Расіі, традыцыі і лад жыцця якіх войска б разбурыла.

Пытанне, колькі людзей захоча служыць альтэрнатыўна, застаецца адкрытым. У Расіі на прапанову адгукнуўся прыблізна 1% прызыўнікоў. У нашай краіне за год у войска прызываецца каля 20 тысяч чалавек. Значыць, у Беларусі каля 200 прызыўнікоў могуць адмаўляцца трымаць зброю штогод.

Галоўнае — стварыць цяжкасці

Міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў у інтэрв’ю «Інтэрфаксу» падкрэсліваў, што трэба, каб «альтэрнатыўшчык зазнаваў большыя цяжкасці за вайскоўца. Каб чалавек сур’ёзна думаў, ці сапраўды яму нельга браць у рукі зброю». Міністр пераконвае, што «абедзвюма рукамі «за» альтэрнатыўную службу — «але патрэбны механізм, як даведацца, пацыфіст ці не».

Кожны лістапад кіраўнік дзяржавы атрымлівае спіс праектаў законаў і абірае, якія з іх будуць разглядацца парламентам налета. Які год запар у «заяўцы» Міністэрства працы фігуруе і закон «Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе». Дагэтуль яго адкладаюць у доўгую скрыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?