Фота Сяргея Харэўскага

...якое належыць Беларускай чыгунцы. Рэпартаж Сяргея Харэўскага.

Што гэта за хлопец з поглядам шчасным

Поруч са стройнай дзяўчынай

Крочыць павольна пад месяцам ясным

Берагам Сьвіцязі сіняй?

Адам Міцкевіч, «Сьвіцязянка»

Падарожнічаць у сьпёку – цяжка. Густое задушнае паветра морыць. Сэрцы штомоцы пампуюць у нас жыцьцё. Таму выбірацца ў адпачынак ці на пошук прыгодаў, калі на дварэ гарачыня, – памылка. Але калі летні сквар часам адступіць – пачуцьці ўспыхваюць у нас новымі фарбамі. Нездарма нашыя продкі лічылі за добрую прыкмету дождж у дарогу. Аднаго пахмурнага дня, злавіўшы перапынак між сонечнымі прамняспадамі, зьдзейсьніў выцечку на Захад, да Сьвіцязі.

Сьцёртая мяжа

Што ні кажы, розьніца між Заходняй Беларусяй і колішняй БССР ужо даўно сьцёртая. Гэтае сьціраньне за часы незалежнасьці паскорылася неймаверна. За акном – Койданава. За Койданавым – Стоўпцы. «Г.п.» поўнае што там, што там. Шклопакеты, танны бэтонны брук, танная мэталадахоўка. Ніякай індывідуальнасьці. Усё сьцёртае. Помнікі часоў сацыялізму, адноўленыя, нібы толькі ўчора, храмы.

Новая культурная сытуацыя ўжо даўно надышла. Тое, што робіцца з нацыянальным даробкам цяпер, прадвызначыць далейшы лёс нашае культуры на стагодзьдзе наперад.

Ляяльнае стаўленьне, напрыклад, да помнікаў часоў савецкай і расейскай акупацыі перарасло ў іншае вымярэньне. Ва ўласна мастацкае. Маўляў, бязь іх будзе пуста ці непрыгожа. Насамрэч, каму ўжо справа да помнікаў Леніну ды Дзяржынскаму, калі ніхто, нават са старэйшых, не распавядзе ўцямна пра іхныя заслугі перад Беларусяй? Што праўда, не распавядуць нідзе ўцямна і пра Соф’ю Слуцкую ці пра Скарыну. Не растлумачыў мне ніхто ў Навагарадку, хто такі Міндоўг і чаму курган носіць яго імя!

Паўсюдныя нягеглыя помнікі землякам і вызваліцелям, аднолькава казённыя, як і кіпы штучных вянкоў у плястыкавых стужках, ужо даўна нікога не кранаюць. Пустапарожні фармалізм. І чым далей, тым ўсё болей недарэчнасьць гэтых стандартных манумэнтаў са стандартнымі кветкамі дае падставаў для абыякавасьці. У старасьвецкім Міры гэта навіда-воку.

Мірскі мізар

Былая мэмарыяльная капліца Завадзкіх перад замкам выглядае як шапік зь півам ды гумкамі. Зрэзаны старажытныя дубы й вербы, праз што гэтак быў расчараваны Янка Запруднік, наведаўшы родныя мясьціны дзясятак гадоў таму. Былое Бэрнардынскае возера цяпер убранае ў бэтон, як у любым мікрараёне. Паўсюдна замест сапраўднага бруку назойлівая штучная плітка, як і ў Баранавічах ці ў Магілёве. Колішняя таямнічасьць руінаў, што вярэдзіла фантазію, выпетрылася незваротна...

Як бы нам красіўшэ...

А дзе ж праўдзівасьць? На тутэйшых могілках. Каб трапіць на мусульманскі мізар, трэба зрабіць добры кілямэтар з гакам пешшу. Паўз выганы і палі, на высокі курган, парослы старадаўнімі соснамі. Здалёк ён і глядзіцца лапікам дзікага старога лесу. Азірнуцца адсюль на Мір – любата. Усё мястэчка як на далоні. Хіба толькі адсюль, куды не далятае рэха паказушнага тлуму, можна летуценіць пра мірскую колішнясьць і марнасьць усяго людзкога.

На сам жа старажытны мізар сёньня не прадзерціся празь дзікія зарасьнікі хмызу й крапівы. Там, у гушчары, хаваюцца даўнія надмагільныя камяні, спавітыя арабэскамі. Па краі безьліч старых помнікаў перамешваюцца з крушняю, што ўпарта навальваюць сюды з калгасных палеткаў. Новыя магілы тут кладуць з самага краю, дзе пад соснамі сьвятлей. Аніякае агароджы няма. І трактары штогод робяць разоры чым бліжэй пад татарскія магілы. У засені вялізарных дрэваў мізару, ведама ж, нічога вартага ня вырасьце, але, пэўна, пра нешта ж думае калгаснае начальства... Няма каму бараніць. Што ж зробіш – мусульманаў у Міры цяпер вобмаль, а са сьвету не наезьдзісься.

Што ні цяў – то дзіра

Але як растлумачыць, чаму да Георгіеўскай царквы, што на праваслаўных могілках, трэба прадзірацца праз быльнёг купінаў? Праз выродлівыя рэшткі зварных мэталаканструкцыяў з прамысловых адкідаў? Скрозь хлуд зь недарэчнымі штучнымі кветкамі. Недагледжаныя, гэтыя могілкі наводзяць на несуцяшальныя высновы. Выглядае, нават багатае гістарычнае асяродзьдзе не прычэсвае сьвядомасьці тубыльцаў Міру.

Некалі расейскі патрыярх Аляксій І прасіў не насіць у храм штучных кветак, бо яны лжывыя. Калі глядзіў праз могілкавы бур’ян на штучнае хараство Міру, уся лжывасьць нашае эпохі разумеецца як найлепей. Ілжывасьць і штучнасьць цяперашняга «парадку на зямлі», што трымаецца адно загаднай сілаю. І, адпаведна, ягоная нетрываласьць ды эфэмэрнасьць.

Ужо сёньня рассыпаецца тая навюткая цэгла, якую сьпешна кладуць на муры замку, расьцярушваецца ўсюдыісная бэтонная плітка, лупіцца фарба, якой у аўральным парадку паквэцалі былі тузін дамкоў вакол рынку. «Майстар зь Міру: што ні цяў – то дзіра!» Тым часам проста пасядзець за філіжанкаю кавы тут няма дзе.

Усе дарогі Міру ідуць да замку.

Тонкія матэрыі

Сёньня ўжо ніхто ня згадвае, што кансэрвацыйныя работы ў замку пачаліся ажно ў 1969 годзе, а ў сьпіс Сусьветнае спадчыны ЮНЭСКА ён быў улучаны яшчэ ў 1994 г. Да Лукашэнкі! Для цяперашняй беларускай улады гэткія тонкія матэрыі, як несавецкая гісторыя нашага краю, непадуладныя. Рэжым проста ня ведае, як распарадзіцца гэтай спадчынай. Ну не праходзіла тут лінія Сталіна! Хіба ж ім, напрыклад, прыйдзе ў галаву павяртаць тут усё людзям, чые бацькі-дзяды гэта й будавалі? Ці вярнуць жыдам славутыя тутэйшыя сынагогі? Гэтая ўлада ніколі не зразумее, што помнікі тыя й той асяродак мусяць належаць найперш тым, хто там жыве, а ня ёй, уладзе. І пагатоў не выпадковым разявакам-турыстам.

Цікавосткі Карэлічаў

Дый што рабіць з замкам, гэтыя ўлады проста ня ведаюць! Убогі музэй там варты жалю. А спробы беспадстаўна адбабахаць тут шалёны музычны фэст, агаласіўшы калгасныя ваколіцы расейскай папсою, ня вартыя нават абмеркаваньня. А паколькі ў Міры гэтак і не стварылі аніякага асяродку хоць якой культуры, як, зрэшты, і побытавага сэрвісу, то рабіць тут больш няма чаго. Апроч тузіну фатаздымкаў. Зрэшты, прасьцей набыць у Менску паштоўкі. Якіх у самім Міры ня знойдзеш.

У Міры — мір.

Дарога на Сьвіцязь ад Міру – даволі аднастай-ная. Паўсюль ворыва, да-гледжаныя палеткі. Даўно зьведзеныя тут балоты. У гэтым куце нават лес – рэдкасьць. Трапляе ў вочы вялікая колькасьць дзяцей. Дзеці бойка гандлююць пры дарозе ягадамі-грыбамі. Не па-дзіцячаму хвацка таргуюцца. Нават вялікія тамтэйшыя статкі быдла пасьвяць улетку пераважна дзеці. Мінаем Карэлічы – колішні цэнтар ткацтва ды шклярства, слынны на цэлы сьвет. Вельмі ахайнае й чыстае мястэчка. Але няма за што воку зачапіцца, як ні ўзірайся. Хіба што за прыдарожныя знакі. Ну, яшчэ касьцёл 1938 г. пабудовы, што глядзіцца як учора пастаўлены, ды царкоўка-мураўёўка, дзе, праўда, можна ўбачыць цудоўныя старасьвецкія абразы XVIII ст.

Тут вучыўся Брыль

Сьмелая дзяўчынка конна гоніць табун ад шашы. Усё большая колькасьць коней у вясковых гаспадарках – таксама знак найноўшага часу. Ёсьць каму іх купляць.

Здалёк па-над акругаю пануюць купалы Турэцкае царквы. У мястэчку Турэц нарадзіліся сама меней два вядомыя беларускія літаратары – Сяргей Дубінскі ды Анатоль Дзяркач. Тут вучыліся Янка Брыль і Барыс Кіт. Сёньня тут, як паўсюль: тузін калгасных бэтонных дамоў, дзясятак квадратных мэтраў памянёнай бэтоннай пліткі, бэтонны помнік землякам-ваярам ды лядашчыя драўляныя халупы па краях, далей ад дарогі. Турэцкая царква, што гэтак імпазантна глядзіцца здалёк, у набліжэньні выглядае ляпавата. Вежы, цыбуліны ды какошнікі зробленыя з простае бляхі, шматкроць шматколерна шматфарбаванай. Падробка. Затое на краі цьвінтара зь зямлі расьце старажытны каменны крыж. Ён, бадай, сапраўдны...

Кавалак Шатляндыі

А на колішніх жыдоўскіх могілках, між замшэлых надмагільляў, пасецца сабе быдла. Пэўна ж, недзе тут і брацкая магіла сотняў расейскіх жаўнераў часоў першае вайны. Ані знаку.

Ня ведаю, як і хто вызначаў межы раёнаў, але адразу ж адчуваецца, што ўехаў на Навагарадчыну: горы, пакручастыя дарогі, хуткаплынныя ручаі, старыя дрэвы.

Мала хто збочвае з дарогі ў Райцу. А дарма. Паблукаць тут пакручастымі стромымі сьцежкамі варта. Надзіва добра захаваўся старасьвецкі парк Раецкіх з прыгожымі старадаўнімі дрэвамі з розных кутоў сьвету. Тутсама й бюст Гастэлы працы клясыка беларускай скульптуры Бембеля. Зьбераглася тут і капліца-пахавальня Раецкіх 1817 г., на высачэзным пагорку ў вельмі арыгінальным рэтраспэктыўна-гатычным духу. Сваім кшталтам гэтая спаруда больш нагадвае Шатляндыю, чым наш бедны, бедны край...

Куточак Шатляндыі ў Райцы.

Наверсе касьцельнай вежы некалі стаяла мармуровая скульптура Маці Божай. Пасля паўстаньня Каліноўскага тут стала Спаса-Праабражэнская царква, пры гэткай архітэктуры цалкам недарэчная, ды Маці Божай тут ужо няма. На стромай гары ў засені вялізарных старажытных дрэваў схаваныя магутныя аскабалкі капліцы-замку... Разбураная за савецкім часам царква цяпер аднаўляецца. Будаўнікі адкінулі вялізарныя кавалкі старасьвецкіх муроў ды лепяць на свой цям што хочуць. Выклалі над апсыдаю сылікатнай цэглаю па чырвонай: «2002». Яшчэ адна беларуская хвароба часу: татальная прафанацыя. Хто ўмее абыходзіцца з кампутарам – ужо вэб-дызайнэр, хто можа класьці цэглу – ужо архітэктар. Помнікі нявечацца прафанамі незваротна. У агляднай пэрспэктыве гэта ня выправіцца. Пагатоў варта пасьпяшацца ў Райцу, пакуль «эўрарамонтам» тут ня выпетрылі рэшты былое велічы. Пакуль яшчэ ў цьвінтарнай браме сустракае жалезная Лебедзь – герб Раецкіх.

Самая чыстая

А вось і Сьвіцязь. «Як шыбіна лёду, ляжыць паміж дрэваў цяністых...» Асфальтавыя дарогі абнялі яе з усіх бакоў. Некалі дзікі лес набыў выгляд закінутага лесапарку, месцамі ажно па калена закіданага побытавым сьмецьцем. Лішне казаць, што абсталяваных прыбіральняў тут няма зусім. У выходны дзень над рэшткамі колішніх лясоў уздымаецца густы водар смажанага мяса. Тут паўсюдна нехта нешта гатуе саматужна. Брудны посуд мыюць проста ў сьвіцязянскай вадзе. Агонь кладуць на жывое карэньне, а дзеля браку дроваў сякуць усё, што трапляе пад руку: і гнілыя лаўжы, і зялёнае дубовае гальлё. «Гушчар лесу пахне чаборам i мёдам, жывіцы настоем смалістым...» Умелыя аўтамабілісты прымудраюцца праехаць праз усе церні й перашкоды да самай вады. Каб слухаць сваё з аўтамабільных дынамікаў проста пры возеры. І самі памыюцца, і любімае аўто абмыюць. Застаецца дзівіцца сіле сьвятых водаў Сьвіцязі, што ўсё гояць і гояць гэтыя раны.

Я паспрабаваў быў высьветліць у тамтэйшых тубыльцаў, чаму гэтак стала. Бо ж яшчэ ў 1960 г. тут быў створаны адмысловы заказьнік, каб зьберагаць рэліктавую ўнікальную тутэйшую прыроду. У свой жа час у перастройку нямала было пакладзена высілкаў, каб зьберагчы гэты легендарны край і возера ад савецкіх чыноўнікаў.

Высьвятляецца, што возера Сьвіцязь, разам з аднайменным пансіянатам, належыць... Беларускай чыгунцы. Слынны Віктар Рахманько, пакуль быў галоўным чыгуначнікам краіны, заключыў дамовы з Наваградзкім райвыканкамам і лясгасам на 10 гадоў пра арэнду і возера, і навакольнага лесу. Разгарнуліся тут салідна: зьбяёдалі паўмільёна даляраў на абсталяваньне базы адпачынку. Але... Рахманька пасадзілі, Баранавіцкае аддзяленьне чыгункі ад усяго гэтага дабра аджагналася і... Апеты выбітнымі паэтамі край паданьняў і чараў апынуўся кінутым на вытвор лёсу. Паколькі спадзявацца на культуру беларускіх турыстаў – справа марная, то няцяжка спрагназаваць, чым усё тут скончыцца... На нашых вачох гіне ці ня ўсё, да чаго кранецца рука беларускага Чыноўніка. Сьветлая памяць!

Фота Веранікі Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0