Хасан АЙ’овіч

НЕІНТЫМНАЕ ХАРЧАВАНЬНЕ

Калі б маё чэрава было празрыстым, як акварыюм,

І ўсе маглі назіраць, што там адбываецца,

Я б каўтаў выключна амараў ці вараных ракаў,

Каб людзі бачылі, як дабро ператвараецца ў лайно.

Калі б маё чэрава стала вялікім, як Нацбібліятэка,

А ўсе шкадавалі ці проста грэбавалі мной,

Я запрасіў бы жадаючых прайсьці праз мае вантробы,

Каб набрацца чарэўнага духу і мудрасьці нутраной.

Калі б маё чэрава стала маленькім, як чыр на азадку блыхі,

Я б еў толькі малекулы золата,

Каб усе сказалі: глядзіце, гэта ж залатая скулка

На брунатым пузе матухны-зямлі.

Калі б маё чэрава стала глыбокім, як Марыянская ўпадзіна,

І ўсе жахаліся магутнай маёй глыбіні,

На дне б я намаляваў пацярпелы аварыю

Маленькі батыскаф,

Каб кожны дзень яго выратоўваць празь ніжні праход.

Калі б маё чэрава было моцнагалосым, як трамбоны Ерыхону,

І ўсе чулі яго набліжэньне за цэлы кілямэтар,

З самай вялікай трубы я б пускаў у паветра

Мыльныя пухіры,

Каб весела ды радасна стала нават глухім.

Калі б маё чэрава было зялёным, як сьцяг прарока,

Я б схаваў яго пад чорнай барадой шагіда,

Каб ніхто раптам не падумаў,

Што я – проста жаба.

Калі б маё чэрава стала гарачым, як камуніст на пажары,

А ўсе падумалі, што яно чырванее ад сораму,

То была б вялікая «ня-Праўда»:

Проста, так здараецца, калі я ўзгадваю дзяцінства,

Бо, як і вы, нарадзіўся ў вялікай вантробе – СССР.

Калі б маё чэрава аднойчы адкінулася ад мяне

І пайшло ў сьвет, як ПТВшнік альбо вольны зэк,

Напасьлед бы я выпусьціў кішкі,

Каб не забывалася, хто яго сапраўдны alma-bацьka.

Калі б маё чэрава стала трапяткім, як чаканьне маладой жонкі,

Я б узяў яе да сябе і пасадзіў туды,

Адкуль мы колісь выйшлі,

Але вяртаемся ўсё радзей, хутчэй і без надзей на...

Калі б маё чэрава стала пустым, як грудзі старой кабеты,

А ўсе рашылі, што гэта вынік новай дыеты,

Я б запрасіў самых тоўстых у госьці,

Каб накарміць іх ад пуза

Поснымі вершамі пра Парыж, каханьне...

Ды любоў да Эўрасаюзу.

Калі б маё чэрава больш не прымала ежы,

І людзі ўздыхнулі – нарэшце яму хана...

Я б разбурыў усе навуковыя межы,

Але даказаў бы:

Жыць, жуючы толькі вершы, – ніякая не мана.

аўтарызаваны пераклад з чувацкай

Магілёў

Лякс

* * *

Квiтнее вiшня.

Добра, калi ёсьць над кiм

пасадзiць дрэва.

* * *

бо гадзiньнiк цябе не дабiў

i зязюля зь яго без хаценьня але ўсё ж заводзiцца

i запалкi ў кiшэнях калi ты паскачаш касьцямi загрукаюць

i пасьля дэжа вю з поўным келiхам закарагодзiцца

значыць можаш за дровамi ў лес хоць куды за навукаю

толькi трэба пазыкi аддаць i тады атрымаецца

толькi надта iх шмат i нiкуды ты не паляцiш

як пiсалi чытаецца цi калi хочаш вяртаецца

хоць кiсьцень хоць кудмень на вяроўцы ў руцэ закруцi

значыць гэта Радзiма дзе косьцi запалак ня выпалi

як дванаццаць апосталаў тварамi ў неба на сьнег

то жывi i ў цямрэчы размоў недалёкаму вока ня выкалi

кiнь пiялу ў яе што пяяла бо хутка ж засьне

а бяз музыкi нельга бяз музыкi надта ўжо роўненька

так бы зь ёй i зажыў проста тут не пагналi калi б

дык валi ты да вершаў сваiх што народу да слоўнiка

i зацягвай на творчых сустрэчах вяровачны нiмб.

* * *

разам з коўдрай выкiнуцца з ложка

зьбiць сумленьне

дачытаць тамы

ды нягледзячы на ўсё патрошку

заплываць туды дзе толькi мы

пойдзем разам пойдзем аднабока

зь печак льецца ў неба сьветлы дым

перабраўшы пазытывы вокан

запалiць сьвятло яшчэ ў адным

Крупкі

Алесь Вялейскі

НЕДАРОД

Герояў не нараджаюць.

Іх усё менш становіцца.

Здушылі неўраджаі,

Бракуе веры і сонца.

У пыл зыржавелі косы.

Мячы прыкарэлі ў похвах.

І мірна пасуцца козы.

І як бы ўсім усё пофіг.

Лаўжом завалены сьцежкі

Уздоўж крыжоў заімшэлых.

Блукае самотны вершнік

У снах бел-чырвона-белых.

Вялейка, 22.11.2005

Дар’я Ліс

Краіна манкуртаў

Гэта ня важна – позна ці рана,

Важна, з кім ідзеш.

N.R.M., «Прастора»

Мы па-за законам

У сваёй краіне,

Мы быццам чужынцы

У краіне сваёй.

І кроў у жылах стыне:

Крывіцкі Край згіне.

Мы будзем чужынцы

У чужой старане.

І шэрыя вуліцы

Шэрай краіны

Захопяць нас холадам,

Жахам, імжой.

Блакітныя вочы маёй краіны

Захопяць хіжыя зрэнкі жуды,

Якая ідзе, як заўжды, з Усходу,

Якую і мы спыніць не змаглі.

Зьнікаюць людзі –

Раскошуюць ка́ты.

Ні слова, ні знаку

Не засталося,

А Край балот

Хавае зацята

І таямніцы,

І сваіх сыноў –

Чамусьці лепшых.

Зьнікаюць людзі.

Застануцца ка́ты?

Падалі хмарачосы –

Цяпер ідзе сьнег.

Не шанцуе Баларусі

З палітычным

Надвор’ем.

У радасьці, журбе –

Мы самі па сабе

І кожны за сябе:

І хата мая з краю.

Салідарнасьць?

Правакацыя.

Карыкатура

Маёй

Нацыі.

Хто, калі ня ён?

Вісіць над намі,

Як праклён.

12 год –

Ня мы выбіраем –

Кідаюць нас

Чарговы раз

На выбарах

Бяз выбару.

Смаргонь

Алена з Кастрычніцкай

* * *

Свабода –

на барыкадах.

Свабода –

неадэкватна.

Свабода –

для вар’ятаў.

Свабода –

для ўпартых.

Свабода –

для тых, хто варты.

* * *

Хачу

справядлівасьці

і з рукі

карміць

галубоў.

Хачу

вясны.

Хачу

да неба.

Заўтра

будзе

інакш.

Усё

як трэба.

Заўтра

ня проста

добра.

Заўтра –

вясна.

Вясна

Свабоды.

Яўгенія Казлова

ЗМАГАРЫ

Маленькая выспа на плошчы ў Менску,

Свабоду трымае народ.

Удзень і ўночы расплюшчаны вочы.

Дзьве тысячы шосты год.

Трымаюцца людзі, а нехта іх судзіць.

Ішлі б падмятаць лепш двары!

Пад небам вясновым, халодным, суровым,

Сьцяною стаяць змагары.

Марозныя ночы, няспаўшыя вочы,

Ад стомы ўжо ногі гудуць.

Ў паветры вясновым над сьцягам Хрыстовым

Спрадвечныя словы лятуць:

Жыве Беларусь!

Удзень і ўноч

Знаёмы ўсім вокліч –

Жыве Беларусь!

Ворша

Натальля Бордак

* * *

Яно ня можа так заставацца:

У страху хавацца,

У скаромнасьці, варожасьці

І падазронасьці.

З пражэрлівым недаверам

Суседзі зачыняюць дзьверы,

Нібы вакол не чалавекі, а зьвяры.

Жадаеш, у мяне забяры

І верхнюю вопратку сабе;

А ў Яго напісана на ілбе

Нянавісьць да таго, што я жыву

І не парвалася яшчэ на шву,

Суровымі ніткамі сьцягнутая,

Нібы струна нацягнутая –

Вось узьвінчанасьць дасягае апагею,

Разьмінуліся з прарокам Міхеем

Мы на некалькі тысяч гадоў…

Але не насыціўся відовішчамі натоўп –

Былі свае задавальненьні ў шатрах

Пры юдэйскіх царах,

А нам варыцца яшчэ прыйдзецца

У зьдзеку і здрадзе –

Так было пры Понцкім Піляце…

Даруй нам, Божа, бо ня ведаем, што творым,

І, як распаліўшыся, гаворым:

Ня можа так далей заставацца.

Cьветлагорск

Юлія Шадзько

Я БАЧЫЛА ВОЛЬНЫХ

Цяпер я ведаю,

Як сьвецяць зоры

Пульсам адзінай надзеі

Ў суцэльнай бездані страху.

Я бачыла дзіўных

Людзей бяз твараў,

Бязь ясных вачэй.

Ад Божага й чалавечага духу ў іх –

Пустыя вачніцы вязьняў, якія

Зжыліся са звонам сваіх кайданаў,

І прагнуць прывучыць да яго

Вольных ад нараджэньня,

І разгублена рукі разводзяць,

Не адчуваючы звыклага ціску на іх...

Цяпер я ведаю, як

Жыць у двух паралельных сьветах,

На дзьвюх паралельных плянэтах,

Ідучы па адной зямлі,

Узьняўшы высока паходню

Апоўдні шукаць

Не, не спачуваньня,

Але разуменьня, і веданьня,

Й мужнасьці прыняць праўду.

Цяпер я ўмею

Чытаць па вуснах да дасканаласьці,

Слухаць маўчаньне,

Якое насычана крыкам,

Чуць сэнс, які хочуць давесьці

Праз луску іншых словаў,

Або сэнс амаль пахаваны

Пад лускаю словаў пустых.

Цяпер я ведаю,

Але не праз пыл часу,

Ажылае зноў:

«Ave... morituri te salutant...»

І адчуваю

Немагчымасьць сысьці са шляху,

Хоць не трымае ніхто і нічога...

Толькі сумленьне...

Бо ёсьць толькі два бакі:

Або

Ісьці да канца жывым

З годнасьцю ў горда ўзьнятым твары,

Або

Збочыць

І мёртвым упасьці на шэрыя пожні часу,

Упасьці ў дрыгву і глядзець у неба,

І ведаць, што нігды туды ня трапіш,

І камень на шыі душы

Ужо намацвае дно...

Бо адзіны свабодны ўздых –

І стагодзьдзі турмы ня йснуюць.

Адзіны ўзмах вольных крылаў –

І, раскрытыя, іх ня ўціснуць ужо

Ў сталёвыя краты.

Патроху, але няўмольна

Іх пазалота блякне

Ў сьвятле Вольнага сонца,

У сьвятле Вольных вачэй,

Пад Вольным небам

Для Вольных людзей

Назаўсёды.

Жыве Беларусь.

Менск

Юры Стасінскі

РАЗЬВІТАНЬНЕ З ІНСУРГЕНТАМ

На Акрэсьціна сёмыя суткі гучыць палянэз.

На танцпляцы паміж іржавага дроту:

Хмарай буяе слодычны бэз,

І водар зьбянтэжыць мусаўцаў роту.

Сьлязьмі сплылае сэрца зноўку ўсьміхаецца.

Сны мрояць рэшткі муроў.

Ды гучыць палянэз, не спыняецца.

Ды вітае свабода сваіх ваяроў.

Каліноўскага плошча інсургентаў шыхтуе...

«Адкуль ты, хлопча, паведай?

Я – зь Менску, я – зь Берасьця, зь Віцебску – я,

Зь Вільні, з Горадні,

З-пад Мазыра на Палесьсі, дзе Прыпяць вандруе...

Нас – сьвет вялікі. Ты, хлопча, ўведай:

Наваградчына ўсенькая тут,

І шмат хто – з Падняпроўя.

Тут з Магілёва й Смаленску харугвы,

І Жмудзь, і Валынь,

І Украйна нам зычаць здароўя,

І шмат хто яшчэ,

Бо ад мора да мора – наш край,

Наш слодычны бэз,

Ды Акрэсьціна, дзе сёмыя суткі гучыць палянэз...»

Менск, сакавік–красавік, 2006

Раман Латушка

* * *

Ціха-ціха...

Нешта б’ецца ўнутры

Ціха-ціха...

Спыняецца дыханьне,

І гэта ад каханьня

Ледзь не разрываецца.

Сьцішылася, супакоілася,

Ціха-ціха...

І гэтак працягвацца будзе,

Пакуль жывыя людзі, і іхнія пачуцьці

Кіруюць гэтым

Ледзьве чутна,

Ціха-ціха.

Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0