План мерапрыемстваў ваеннага супрацоўніцтва паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Літвы на 2010 год падпісаны 24 лістапада ў Мінску.

Подпісы пад дакументам паставілі начальнік упраўлення міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны Беларусі Ігар Зароўкін і дырэктар дэпартамента міжнародных адносінаў і аперацый Мінабароны Літвы Робертас Шапронас.

Як паведаміла прэс‑служба беларускага Міністэрства абароны, планам прадугледжана актывізацыя ўзаемадзеяння ў фінансава‑эканамічнай галіне, у сферах кантролю над узбраеннямі, міратворчай дзейнасці, інфармацыі і прэсы, кіравання прыродаахоўнай дзейнасцю на ваенных аб’ектах.

Узаемадзеянне ваенных ведамстваў дзвюх краін прадоўжыцца ў галінах права і камплектавання войскаў, выканання двухбаковай дамоўленасці аб дадатковых мерах даверу і бяспекі, паглыбленага вывучэння моў ваеннаслужачымі і ў іншых сферах.

У ходзе кансультацый, што папярэднічалі падпісанню дакумента, бакі адзначылі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі ўзаемаадносінаў у абароннай галіне, дынамічнасць і паслядоўнасць развіцця двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой.

Адным з найбольш значных сумесных мерапрыемстваў у 2009 годзе была названа рабочая сустрэча камандуючых Ваенна‑паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі і Ваенна‑паветранымі сіламі Літвы, якая адбылася ў ліпені ў Каўнасе. Тады былі дасягнутыя дамоўленасці, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці двухбаковага ўзаемадзеяння ў галіне абмену інфармацыях аб палётах паветраных суднаў.

Некалькі днямі раней быў падпісаны аналагічны пакт аб ваенным супрацоўніцтве з Польшчай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?