Дзьве апошнія кніжкі Алеся Разанава, надрукаваныя Ігарам Логвінавым — гэткім Марцінам Кухтам найноўшай беларускай паэзіі, — нават дызайнам сваім дзёрзка розьняцца ад усяго таго, што Логвінаву даводзіцца выдаваць. Тут няма стракатых псэўдадзіцячых плямаў і страшненькіх малюнкаў, што гадзяць кніжкі маладых паэтаў, няма тут і патугаў на найноўшы клясыцызм. Разанавы кніжкі аформленыя геніяльна проста: белы сьнег вокладкі, чорныя літары імя, чырвоныя — назову. І ўгары — яйка (відаць, калюмбава), умаляванае ў квадрат.

Ён ня вылузаўся з гэтых яек. Ён іх сам зьнёс.

Гэта не парадокс. Разанаву, зважаючы на ягонае памкненьне захаваць некранутым свой паэтычны сьвет, не да парадоксаў. Яго вершы вылучаюцца гермэтычнасьцю, замкнёнасьцю на «эга» самога аўтара. І гэта — нармалёва. Прыпусьціць, што паэт калібру Разанава можа разьлічваць на народнае прызнаньне ці на статус, крый Божа, народнага?! Нідзе і ніколі! Яго шчасьце — у антынароднасьці, калі ўважаць за народ электарат, што гурміцца ў буфэтах на ўчастках для галасаваньня. Разанаў — не народны.

Ня ведаю, каторую з кніжак, што выйшлі ўвадначас (выдавец цьвердзіць, што мае быць працяг), сам паэт лічыць томам першым свайго opera omnia. Але «Кніга ўзнаўленьняў» успрымаецца ледзь не як маніфэст гермэтычнасьці. Разанаў спалучае ў гэтай кнізе — хто іншы назваў бы іх перакладамі — свае спробы перапісаць сучаснай беларускай мовай — звыклай ад школьных год наркамаўкай, — перадмовы да старых кніжак, прамовы ды адозвы беларускіх асьветнікаў ад Кірылы Тураўскага і да Лява Сапегі. Ён іх — чытаў і прачытаў! А як прачытаў, дык вырашыў даць ім мажлівасьць зьвярнуцца да далёкіх нашчадкаў, каторымі, на думку аўтара-ўзнаўляльніка, усе мы з вамі, шаноўныя чытачы, і ёсьць.

Наша бяда ў тым, што Разанаў памыляецца прынцыпова. Ён насамрэч нашчадак Лява Сапегі. Але ўявіце сабе свайго суседа, каторы ад ранку, пацьверазеўшы, мусіць выслухоўваць ад паэта:

Закон

i ўсталёўваецца на тое,

каб дужы-заможны ня ўсё,

што яму зажадаецца,

чворыў.

Як зазначыў

некалi Цыцэрон,

каб маглi

мы вольнасьцю карыстацца,

становiмся для таго

нявольнiкамi закону.

Гэта ж бо нібы агітацыя за правы чалавека паводле Тацяны Процькі. За такое пры цары-бацюшку агітатараў цягнулі ў паліцэйскі ўчастак, у які-кольвек тамтэйшы Цэнтральны РУУС.

Але Разанаў добра ведае вартасьць слова. Высокая паэзія старабеларускага слова — не для шырокіх народных масаў. Масам — чарка са скваркай. Індывідуўму — яйкі на кніжках паэта, што стаў белым крумкачом сучаснай беларускай літаратуры. І наклад — 500 асобнікаў. Столькі, як мяркуюць аўтар ды выдавец, знойдзецца людзей, каторым слова Сапегі паводле Разанава яшчэ можа быць зразумелым.

Зрэшты, арыгінальнае паэтычнае слова, не прыбранае ў маскарадны строй шматвяковай даўніны, у Разанава таксама зразумелае толькі адзінкам.

Гукаю i чую свой голас.

Ён займае i гул ракi, i водгульле грамады, і цiшу далёкага лесу.

I пакуль ён гучыць i, усюды прыняты i заахвочаны ўсюды, мае адвагу i моц гучаць, у гэтай краiне ён не чужы i ня свой, а —сама, заснаваная мной, краiна.

Гэты вэрсэт Разанава прынцыповы. Ён — як вырачэньне ад барацьбы за электарат, за масавага чытача. Сапраўды, нашто ўсё гэта? Нашто выпускаць рыфмаваныя ўлёткі, пісаць няўклюдныя вершы для мітынгаў, калі так проста сказаць самому сабе: мае вершы — гэта мая краіна, я паную ў ёй бязьмежна, і болей мне ня трэба.

Але насамрэч гэта нагадвае сэанс самаперакананьня: я чую толькі сябе, толькі свой голас, свае вершы. У нас чысты горад, добрыя і талерантныя людзі, падвышаецца вытворчасьць працы, і нават газ разы гэтак у чатыры таньнейшы, чым ва Ўкраіне.

А як жа з запаветамі Мялета Сматрыцкага?

Цi знойдзецца месца,

дзе б панавала бясьпека,

цi вышукаецца прытулак,

дзе б гаспадарыў спакой?!

У ранах i ў верадзе

дзень брыдзе,

цягнецца ноч

ва ўздыханьнях i стогнах.

Скварнае лета морыць

мяне да млосьцi,

даймае мяне да сьмерцi

марозьлiвая зiма.

Была я прыгожай,

а стала ўбогай,

была каралевай,

якую кахаў увесь сьвет,

а цяпер

мяне адно толькi

пагарда кахае,

мяне адно толькi

смутак цалуе.

Стары Сматрыцкі ў інтэрпрэтацыі Разанава чамусь гучыць так сучасна, як нібыта наша эпоха баракаў — дзесь на далёкай Поўначы, дзе спасярод бурых мядзьведзяў валіць лес Павал Севярынец, — ужо саступіла месца эпосе барока.

У лесе дрэвы i людзi:

той, хто стаiць нерухома на месцы, — дрэвы,

той, хто блукае, — людзi.

І паэт — чалавек. І ён блукае. І ў яго рыфмы паўтараюцца: лес — лёс.

Як выйсьці зь лесу свайго лёсу?

Вярнуцца на радзіму. Піша ж Скарына ў перадмове да кнігі «Юдыф», дзе нявольным суаўтарам Разанава выступае яшчэ і хітрамудры Адысей Хадановіч:

На ўсяземным

саборы ў Нiкеi

святымi айцамi

дазволена кнiга Юдыф

для чытаньня нароўнi

зь iншымi

сьвятапiсьмоўнымi кнiгамi,

каб

мы, як люстэрка, мелi

перад вачамi прыклад

гэтай найслаўнай жанчыны,

i ў добрых справах

ды ў любасьцi да айчыны

упадабнялiся ёй,

i нiякай працы

i скарбаў нiякiх не шкадавалi

для паспалiтай карысьцi

i для айчыны сваёй.

Але гэта — Скарына. А скрозь тканіну ўласных вэрсэтаў Разанава ўпарта прабіваецца другое:

Учора была сустрэча зь пiсьменьнiкамi з Маравiля — суседняй краiны, суседняй лiтаратуры…

Сёньня — працяг сустрэчы, i сёньня прыйшлi газэты,

i ўсе, хто ўчора дзялiўся ўспамiнамi,

чытаў пераклады цi зьвязваў у вузлы красамоўства нiткi ўзаемасувязяў,

вышукваюць у газэтах, што пiшацца ў iх пра iх.

Не хвалюйся, чытачу, гэта не пра нашых пісьменьнікаў. Пра нашых — таксама, бо пісьменьнікі спрэс аднолькавыя, як і палітыкі, — але гэтых, мяноўна вось гэтых, Разанаў убачыў у суседняй краіне — у Францыі.

Зь якое пары Францыя стала суседкай для Беларусі?

Разанаў лепш ведае. Яго краіна мяжуе з Францыяй. Там жыве Апалінэр, і там няма Азаронка. Там вечна закаханы Іў Мантан пяе свае песьні праз чорную талерку радыё — і няма Ніны Чайкі. Гэта — у Францыі. У суседзтве з той краінай, што сталася краінай Разанава.

Радуюся за абедзьве гэтыя краіны. Да іх мае дачыненьне вельмі вялікі паэт. Можа, самы таленавіты з сучасных.

А што ж тая краіна, на мове каторай ён піша з тае пары, як стаў паэтам?

Ён мне шчыра адказвае на гэта сваімі вэрсэтамі:

Шчасьце мiнула, надзея зьнiкла,

жыцьцё, што квiтнела i вабiла,

раптам паблякла, i толькi ўзышоў з глыбiнi перакуленых зьяў

i сабою праняў навакольную рэчаiснасьць адзiн невiдушчы,

няўлоўны, спадманлiвы колер — колер навiн.

Навіны зь сеціва, не з жыцьця. Колеры высахлых, зашмальцаваных джынсаў, каторыя калісь насіў малады Алесь Разанаў, каторага выключалі з унівэрсытэту за непадабенства, за паэтычную самастойнасьць, нежаданьне хадзіць у шыхце.

Ён дагэтуль не жадае ня толькі хадзіць, але і лётаць — шнуром. Ён белы крумкач. Як там у Хлебнікава?

Я — белый ворон,

Я одинок,

Но все — и темную страданий ношу,

И белой молнии венок

Я за один лишь призрак брошу:

Взлететь в страну из серебра,

Стать звонким вестником добра.

Верыў Хлебнікаў у дабро, верыў глыбока і шчыра. Нездарма пра яго хадзіла легенда: ён спаліў найлепшыя свае вершы, каб сагрэць пры дарозе ў Ніжагародзкай губэрні прыхварэлую жанчыну. Разанаў яшчэ застаецца добрым, але дзейнае дабро, здольнае стаць учынкам, для паэта — там, далёка-далёка, у часах таварыша Лява Сапегі. Ці Мялета Сматрыцкага. У сучаснай Беларусі яму цяжка знайсьці месца. Таму паэт і зьедзе знову — тудысама. Туды, дзе п’яны зьвячора электарат ня прыйдзе на ўчастак для галасаваньня, каб зноў выпіць гарэлкі — таннай, на цэлыя дваццаць рублёў таньнейшай, вы толькі падумайце!

Ці не вінаваты ў гэтым паэт?

Ці вінаваты белы крумкач у тым, што астатнія — чорныя?

Ён зьнёс вам два цудоўныя, два мармуровай белі яйкі... То бок зборнікі, вядома ж. Абодва — на дзіва добра надрукаваныя. Адчуваецца густ паэта, што так і не дазволіў сп.Вішнёву зьняважыць яго самыя шчырыя пачуцьці.

Дый Скарына, канечне ж, — вельмі сучасны аўтар. Я б нават сказаў бы, у чымсьці сучасьнейшы ад самога Разанава.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0