Фельетон Лізы Кавальчык пра вынікі дзіцячага «Еўрабачання».

— Добры вечар, Мінск!

— Добры вечар, Кіеў! Мінск на дроце… Сэнк ю фор э вандэфул шоу!

— Мінск, што ў вас там з баламі?

— Як заўсёды: 8 балаў Арменіі, 10 — Расіі, і нарэшце 12 балаў ідзе… Каму б вы думалі?.. Беларусі!

— Мінск, гэта немагчыма!

— Чаму? Юра ж Дземідовіч зэ бэст — мы ўсе так і запісалі ў эсэмэсках: спяваў афігіцельна!

— Самім сабе даваць нельга!

— Хіба ж мы сабе?! Мы што ж, правіл не ведаем?! Усё найлепшае дзецям! Вы што, думаеце нам гэтая статуэтка з пазалочанага каўчуку патрэбная?! Усё ж дзеля маладога пакалення… Кіеў, мяркуйце самі: македонцы дораць балы сербскім дзецям, армяне — грузінскім, галандцы —нідэрландскім. А хто нашым дзеткам дасць? Вялікае Княства Ліхтэнштэйн? Так і з чароўным нулікам застацца можна…

— Мінск, не выдурняйцеся! Які яшчэ чароўны нулік: у вас ужо Ксенія Сітнік выйгравала і яшчэ там адзін хлопчык…

— А ў нас план на пяцігодку: адзін дзіцячы пераможца «Еўрабачання» на кожныя тры мільёны насельніцтва.

— Мінск, дык вас жа дзесяць мільёнаў, то бок мільён лішні…

— Слухайце, Кіеў, ну, вы там у сваім «Еўрабачанні» зусім крыважэрныя: вы што, хочаце пазбыцца мільёна людзей, замест таго, каб проста даць аднаму чалавеку выйграць конкурс?! Што вы яшчэ нам прапануеце, даць беларускае грамадзянства Рыбаку, каб на размеркаванні ў Малых Дуркавічах ён нарэшце у сваю «Казку» патрапіў?!

— Добра, Мінск, не цісніце музычным інтэлектам! 12 балаў ад Беларусі ідзе Беларусі. Сэнк ю фор э вандэфул шоу!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?