Пра спам чуў ці не кожны. Нават той, хто не мае ўласнага акаўнта ў электронных паштовых сэрвісах ды сацыяльных сетках. Але мала хто ведае, што першапачаткова гэты тэрмін не меў нічога супольнага з інтэрнэтам і нашмат старэйшы за яго.
Слова «SPAM» з’явілася ў 1936‑ым годзе. Яно расшыфроўвалася як SPiced hAM (вострая вяндліна) і было таварным знакам для мясных кансерваў кампаніі Hormel Foods — вострага каўбаснага фаршу са свініны.
Сусветную вядомасць і прымяненне у якасці адпаведніка дакучлівай рэкламы тэрмін «SPAM» атрымаў
дзякуючы славутаму скетчу з вядомага шоу «Лятаючы цырк Монці Пайтана» комік‑групы Монці Пайтан.
Сэнс скетчу зводзіўся да таго, што ў адной кавярні ўсе стравы ў меню ўтрымлівалі «SPAM», некаторыя нават па некалькі разоў. Калі галоўны герой скетчу, які прыйшоў у гэтўю кавярню разам з жонкай, просіць прынесці яму страву без вострай вяндліны, афіцыянтка прапанавала яму страву з «невялікай колькасцю SPAMа». Наведвальнік абураўся, а хор вікінгаў, што сядзелі за суседнімі столікамі, пачынаў спяваць хвалебныя песні «SPAMу», пасля чаго скетч ператвараўся ў бязладдзе. Напрыканцы дзейства жонка героя ўсклікла: «Я не люблю спам!» У тытрах да імёнах дзеючых асоб таксама было дададзена слова «SPAM» Гэтае слова згадвалася ў скетчы больш за сто разоў.
Паводле іншай версіі, пасля Другой сусветнай вайны засталіся вялізныя запасы згаданых вышэй кансерваў, якімі забяспечвалі амерыканскіх салдат. Каб збыць сваю ўжо не першай свежасці прадукцыю, кампанія Hormel Foods правяла нябачаную дагэтуль рэкламную кампанію. Слова «SPAM» кідалася ў вочы на кожным куце — з вітрын ўсіх танных крамаў, з бакоў аўтобусаў і трамваяў. Гэтае слова можна было прачытаць на фасадах дамоў і ў газетах. Рэклама кансерваў «SPAM» бесперапынна транслявалася па радыё.
Тое запомнілася амерыканцам настолькі, што калі ў 1986 г. па сетцы Usenet (якая існавала да яшчэ да з’яўлення інтэрнэту) распаўсюдзілася мноства аднолькавых паведамленняў ад нейкага Дэйва Родэса, каторы рэкламаваў новую фінансавую піраміду пад загалоўкам «Зарабі кучу грошай»,
яны адразу пачалі параўноўваць тую рассылку з мяснымі кансервамі.
Так за словам «спам» замацавалася новае значэнне, якое пазней перайшло ў камп’ютэрную тэрміналогію і зараз абазначае надакучлівыя рэкламныя паведамленні самага разнастайнага зместу.